19 сакавiка 2024, aўторак, 6:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы выйшлі на Плошчу ў памяць аб Ірыне Казулінай (Фота, відэа)

80
Беларусы выйшлі на Плошчу ў памяць аб Ірыне Казулінай (Фота, відэа)

Каля 2000 чалавек, што спачуваюць гору сям'і Казуліных, прыйшлі 25 лютага ўвечары на Кастрычніцкую плошчу, каб запаліць свечкі ў памяць аб Ірыне Казулінай, жонкі палітвязня Аляксандра Казуліна, якая заўчасна сышла.

З партрэтамі Ірыны Казулінай і запаленымі свечкамі на заклік Вольгі Казулінай - памаліцца за спачын душы яе маці - жалобная працэсія прыйшла да Чырвонага Касцёла, дзе адбылася жалобная служба.

Гора аб'яднала ў гэтую гадзіну людзей розных поглядаў і перакананняў. Сярод іх старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, сябры аргкамітэта грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саньнікаў, Мікола Статкевіч і Зміцер Бандарэнка, лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, былыя палітвязьні Эніра Браніцкая і Павел Севярынец, моладзевыя актывісты Яўген Афнагель, Артур Фінькевіч, Зміцер Бародка, Зміцер Хведарук, вядомая журналістка Ірына Халіп, лідэры прадпрымальнікаў Алесь Макаеў і Алесь Таўстыка, праваабаронца Алег Воўчак і эколаг Валеры Дранчук, мастак Алесь Марачкін і іншыя.

Тым часам міліцыя праз мегафон заклікала прысутных разыходзіцца і ў якасці аргументу паўтарала фразу: «Кастрычніцкая плошча не з'яўляецца месцам дэманстрацыі жалобы».

Аднак людзей увесь час становілася ўсё больш і больш. Уздоўж праезнай часткі праспекта Незалежнасці была разгорнутая вялізная расцяжка – «Свабоду Казуліну!»

Прастаяўшы каля гадзіны на Кастрычніцкай плошчы, калона з 2000 чалавек на заклік Вольгі Казулінай - памаліцца за спачын душы яе маці - зрушылася да Чырвонага Касцёла. Людзі ў жалобным шэсці павольна рухаліся па праспекце Незалежнасці, моўчкі несучы партрэты Ірыны Казулінай і запаленыя свечкі.

Калі калона людзей, што сабраліся на жалобны мітынг па Ірыне Казулінай, праходзіла каля будынка КДБ, нечакана для ўсіх там быў заўважаны старшыня КДБ Юры Жадобін, які накіроўваўся ў будынак. Але галоўны чэкіст прайшоў так хутка, хаваючыся ад камер, што фотакарэспандэнты нават не паспелі яго сфатаграваць.

Удзельнікі жалобнай працэсіі прыйшлі на плошчу Незалежнасці да Чырвонага Касцёла, дзе прайшла служба за спачын душы Ірыны Казулінай. На прыступках перад храмам службу для прысутных правёў святар Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай царквы Леанід Акаловіч.

Падчас акцыі Вольга таксама пацвердзіла інфармацыю пра тое, што пахаванне маці адбудзецца толькі ў прысутнасці Аляксандра Казуліна. Паводле яе слоў, цела Ірыны Казулінай забальзамаванае і знаходзіцца ў моргу. Сям'я кансультавалася з Праваслаўнай і Каталіцкай Цэрквамі і будзе чакаць столькі, колькі запатрабуецца, пакуль не вызваляць іх бацьку, палітвязня Аляксандра Казуліна, які мог бы правесьці сваю жонку ў апошні шлях.

Жонка палітвязня, экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна Ірына, сканала 23 лютага ў 19.40 па менскім часе. 48-гадовая жанчына пакутавала на анкалагічнае захворванне. Аднак улады не адпусцілі палітвязня развітацца з жонкай.

У гэтым звязку Аляксандр Казулін абвясціў учора галадоўку. Сёння да галадоўкі пратэсту далучыліся дочкі апазіцыйнага палітыка.

Фота lidial

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках