19 траўня 2024, Нядзеля, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады не дазволілі пахаваць Ірыну Казуліну на Маскоўскіх могілках

16

Беларускія ўлады адказалі адмовай сям'і Казуліных на просьбу выдзеліць месца на Маскоўскіх могілках для пахавання Ірыны Казулінай. «Мы прапаноўваем разгледзець пахаванне на Заходніх могілках, могілках у Міханавічах і Калодзішчах», – агучыла рашэнне Менскага гарвыканкама начальніца прэс-службы Казуліна Раіса Міхайлоўская.

Яна адзначыла, што адказны працаўнік Менгарвыканкама агучыў канчатковае рашэнне гарадскіх улад.

Міхайлоўская паінфармавала АФН, што першапачаткова просьба сям'і Казуліных аб выдзяленні месца на Маскоўскіх могілках была адрасаваная ў Менгарвыканкам, аднак гарадскія ўлады адмовіліся разглядаць гэтае пытанне, спаслаўшыся на адмысловы статус могілкаў і заявілі , што гэтае пытанне знаходзіцца ў кампетэнцыі Саўміна Беларусі.

«Мы падрыхтавалі адпаведны ліст на імя віцэ-прэм'ера Касінца, які нібыта курыруе дадзенае пытанне», – сказала кіраўніца прэс-службы.

Пры звароце ў Саўмін высветлілася, што Саўмін такія звароты не разглядае, і прыняцце рашэння наконт месца на могілках з'яўляецца прэрагатывай выключна менскай мэрыі.

«Адзначу, што супрацоўнікі апарата Саўміна вельмі добразычліва паставіліся да нашай просьбы, і, улічваючы сітуацыю, вельмі аператыўна адрэагавалі на наш ліст», – распавяла Міхайлоўская.

У выніку давялося з просьбай аб месцы на Маскоўскіх могілках вяртацца ў Менгарвыканкам.

Паводле яе слоў прадстаўнікі менскіх улад доўга тлумачылі, што ў Маскоўскіх могілкаў адмысловы статус, што там даўно не хаваюць.

«Не ведаю, магчыма, у Менгарвыканкаме палічылі, што ў Ірыны Казулінай недастаткова заслуг перад радзімай», – выказала здагадку Міхайлоўская.

У выніку ёй вусна агучанае згаданае рашэнне менскіх улад, пры гэтым выканаўца прапанаваў дакладны адказ адправіць па пошце. Давялося растлумачваць, што ў такой сітуацыі адказ па пошце не задаволіць – адказ неабходны цяпер, неадкладна. Службовец Менгарвыканкама ўзяў таймаўт, і, ператэлефанаваўшы праз пару гадзін, агучыў тую самую прапанову Менгарвыканкама наконт трох могілкаў.

«Я спытала: «Гэтае рашэнне канчатковае?». Выканаўца адказаў: «Так, канчатковае», – паведаміла Міхайлоўская.

Улады адмовіліся пайсці на яшчэ адну саступку сям'і Казуліных, палічыўшы, што здзейснілі дастаткова гуманізму, даўшы палітвязню Казуліну, які меў цэлых 4 спагнанні, кароткатэрміновы водпуск для развітання з сваёй жонкай. Рашэнне ўлад было цалкам прадказальным – «А хто такая Ірына Казуліна?», такое пытанне задаў віцэ-мэр горада Менска.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках