Гісторык Саверчанка: Сучасным дзяржаўнікам варта павучыцца ў канцлера Сапегі
1- 28.02.2008, 10:59
У Менску прайшло падсумаванне вынікаў конкурсу школьных і студэнцкіх прац да 450-годдзя канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Як падкрэслілі арганізатары спаборніцтва, асоба Льва Сапегі была абраная невыпадкова.
Арганізатары конкурсу нагадваюць, што менавіта гэты канцлер ВКЛ адыграў найзначнейшую ролю ў станаўленні беларускае дзяржаўнасці, зрабіў Вялікае Княства Літоўскае уплывовым суб’ектам еўрапейскага жыцця.
Слынны дзеяч беларушчыны
Паводле словаў эксперта конкурсу, прафесара Івана Саверчанкі, постаць Льва Сапегі – ключавая ў гісторыі Беларусі. “Яна вельмі важная і сёння, таму што Леў Сапега з’яўляўся прыхільнікам дзяржаўнага суверэнітэту і ажыццяўляў эфектыўную знешнюю палітыку, праводзіў працу, накіраваную на ўмацаванне нацыянальнай ідэнтычнасці – гэта культура, гэта рэлігійныя справы”.
Як адзначыў Іван Саверчанка, Леў Сапега выступаў прыхільнікам міжканфесійнага дыялогу і рэлігійнага паразумення і вельмі шмат для гэтага зрабіў: “Тое, што ён зрабіў, можа быць прыкладам і для сённяшніх дзяржаўных дзеячоў і дзеячоў культуры, але з улікам сённяшніх рэалій”.
Канцлер, паводле словаў гісторыка, займаўся не толькі тэхнічным уладкаваннем краіны. “Яго каласальная заслуга перад нацыянальнай дыпламатыяй, арганізацыя знешнепалітычнага ведамства, канцылярыі Вялікага Княства Літоўскга, утварэнне трыбуналу – вышэйшага апеляцыйнага суда – гэта ўдасканаленне судовай сістэмы. Упарадкаванне архіва ВКЛ – “Літоўскай метрыкі”, дзякуючы чаму мы ведаем гісторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. “Метрыка” служыць асноўнай гістарычнай крыніцай для літоўскага, беларускага, украінскага народаў, і для ўсіх еўрапейскіх народаў, у тым ліку і для расійскага, бо ў ёй паказаныя шматгранныя ўзаемадачыненні нашай тагачаснай дзяржавы з суседзямі”, - падкрэсьлівае гісторык.
Чым цікавы Сапега для сучасных школьнікаў
Менавіта еўрапейская дзейнасць Льва Сапегі паслужыла для некаторых канкурсантаў, напрыклад, Алены Юргелёніс з пасёлка Энергетык Дзяржынскага раёну, падставаю для ўдзелу ў творчым спаборніцтве: “Я з маленства марыла быць дыпламатам, і такая асоба як Леў Сапега, які адыграў значную ролю ў станаўленні Вялікага Княства Літоўскага, для мяне вельмі цікавая. Таму я і вырашыла ўзяць удзел у гэтым конкурсе”, - тлумачыць дзяўчына.
Для адзінаццацікласніка Уладзіміра са Слоніма былі і іншыя падставы для ўдзелу: “У Слоніме засталося вельмі шмат пасля яго. Самае значнае – гэта герб – выява ільва, у лапах якога знаходзіцца залаты ліст. Гэты ж самы залаты ліст быў у цэнтры на гербе Льва Сапегі, таму яго ў нашым горадзе вельмі паважаюць. І я не мог абысці гэтага конкурсу”, - сцвярджае слонімскі школьнік.