7 траўня 2024, aўторак, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэя Кіма будуць абараняць усім светам

3

4 лютага ў Менску адбылося першае пасяджэнне Грамадскай камісіі ў абарону моладзевага актывіста Андрэя Кіма, арыштаванага падчас акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня.

Супраць 21-гадовага прадстаўніка моладзевай кампаніі "Ініцыятыва" ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса: "гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка міліцыі ў мэтах замінання яго законнай дзейнасці”. За гэта маладому чалавеку пагражае да шасці гадоў пазбаўлення свабоды.

Вінаваты ў актыўнай грамадскай дзейнасці?

Па словах прадстаўніка грамадскай камісіі Аляксея Бондара, "справа Андрэя Кіма – чыста палітычная". "Больш за тое, гэта помста ўлад і асабіста міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава за акцыю прадпрымальнікаў, якая выклікала ў іх страх", – лічыць ён.

Маці актывіста Таццяна Кім настойвае на невінаватасці сына. "Я спрабавала растлумачыць і пракурору, і следчаму, што ён з дзяцінства вернік. Усё жыццё ён дапамагаў людзям – хворым дзецям у анкалогіі, у Бараўлянах ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, якія там лячыліся", – гаворыць яна.

"Гандаль палітвязнямі"?

Сябар грамадскай камісіі, заснавальнік "Маладога Фронту" і ў нядаўнім мінулым палітычны зняволены Павал Севярынец, кажучы пра мэты створанай ініцыятывы, адзначыў, што цяпер беларускія ўлады вядуць своеасаблівы гандаль з Захадам, выкарыстоўваючы палітычных заложнікаў.

"Мы бачым сваю задачу ў тым, каб давесці да міжнароднай супольнасці, што за парадокс цяпер наспявае ў гэтым працэсе гандлю. Еўропа думае, што дамаглася свайго, і ідзе вызваленне палітычных зняволеных, а ў гэты самы час адбываюцца яшчэ больш жорсткія рэпрэсіі".

На думку Паўла Севярынца, калі ўключыць гэтую тэму ў перамоўны працэс, то і Андрэя Кіма, і Артура Фінькевіча, і іншых моладзевых актывістаў, супраць якіх узбуджаныя крымінальныя справы, можна пазбавіць ад крымінальнага пераследу.

"Таму асноўную частку палітычнай працы мы сканцэнтруем на інфармаванні перагаворшчыкаў з боку Еўропы. Па такой схеме адбывалася абдурванне Расеі – пацалункі ў абмен на газ, і прыблізна па такой жа схеме цяпер працягваецца абдурванне Еўропы".

Тым часам, 5 лютага ў Магілёве адбудзецца разгляд касацыйнай скаргі на прысуд, вынесены ў снежні мінулага года аднаму з лідэраў "Маладога Фронту" Артуру Фінькевічу.

Нагадаем, моладзевага актывіста магілёўскі суд прысудзіў да аднаго з паловай гадоў пазбаўлення свабоды "за ўхіленне ад адбывання пакарання ў відзе абмежавання свабоды". Раней Фінькевіч быў прысуджаны да двух гадоў так званай "хіміі" за палітычныя графіці.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках