У Чырвоным касцёле пройдзе паніхіда па Ірыне Казулінай
3- 24.03.2008, 14:07
Паніхіда па жонцы палітвязня пройдзе 26 сакавіка ў Чырвоным касцёле.
Паводле каталіцкіх канонаў паніхіда па нябожчыку праходзіць праз 30 дзён пасля смерці. «Аднак у выпадку з Ірынай Казулінай 30 дзён выпалі на Вялікдзень — 23 сакавіка. Таму роднымі было прынятае рашэнне перанесці паніхіду на 26 сакавіка», – адзначыў экс-адвакат Аляксандра Казуліна намеснік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Рынкевіч.
Палітык прапанаваў усім, хто ўдзельнічаў у пахаваннях І.Казулінай, прыйсці на паніхіду і ўшанаваць яе памяць. "Яна была не толькі жонкай экс-кандыдата ў прэзідэнты, не толькі жонкай палітычнага вязня №1, але і жанчынай, якая адчайна змагалася з ракам, дапамагаючы пры гэтым іншым анкалагічным хворым", – адзначыў І.Рынкевіч.
Паніхіда па Ірыне Казулінай пройдзе 26 сакавіка ў Чырвоным касцёле ў 19 гадзін, паведамляе БелаПАН.