9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Літвы патрабуе ад беларускіх улад тлумачэння

3

Міністэрства замежных спраў Літвы патрабуе ад Беларусі тлумачэння з нагоды інцыдэнту з літоўскімі журналістамі 25 сакавіка ў Менску, паведамляецца на сайце літоўскага знешнепалітычнага ведамства.

Увечары 25 сакавіка падчас асвятлення дэманстрацыі з нагоды Дня Волі ў Менску былі затрыманыя карэспандэнт Літоўскага нацыянальнага тэлебачання і радыё (LTR) Рута Рыбагаўскене і аператар Ёнас Грышконіс. Літоўскіх журналістаў пратрымалі ва УУС Цэнтральнага раёна Менска каля дзвюх гадзін і адпусцілі пасля высвятлення асоб. У журналістаў канфіскавалі відэакасету з запісам.

26 сакавіка ў МЗС Літвы быў выкліканы беларускі амбасадар Уладзімір Дражын. Яму ўручаная нота ў сувязі з затрыманнем літоўскіх журналістаў. У ноце выкладзеная просьба правесці дэталёвае расследаванне здарэння, даць тлумачэнні і вярнуць пазапраўна канфіскаваную відэаплёнку.

"Такія пазапраўныя дзеянні беларускіх праваахоўных органаў, калі да журналістаў ужываецца гвалт, які ўзамінае выкананню прафесійнага доўгу, з'яўляецца грубым парушэннем прынцыпу свабоды слова, паважанага сусветнай дэмакратычнай супольнасцю, а таксама супярэчыць імкненню развіваць добрасуседскія стасункі паміж дзяржавамі, – падкрэсліваецца ў заяве. – Літва, якая паслядоўна падтрымлівае адкрытае супрацоўніцтва паміж народамі суседніх краін, культурныя, прадпрымальніцкія сувязі і прамыя сувязі паміж людзьмі, не можа выяўляць талерантнасць да абмежавання агульнапрызнаных грамадзянскіх правоў".

Беларускі амбасадар паабяцаў, што "будзе імкнуцца да вырашэння ўзніклага канфлікту" і сустрэнецца з генеральным дырэктарам Літоўскага нацыянальнага радыё і тэлебачання, як толькі высветліць усе дэталі інцыдэнту, паведамляе прэс-служба МЗС Літвы.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках