Літоўскім настаўнікам мала 700 долараў, а беларускім «хапае» ў 3 разы менш?
25- 4.03.2008, 16:55
3 сакавіка настаўнікі Літвы мітынгам у Клайпедзе распачалі бестэрміновы страйк. Сёння, 4 сакавіка, яны сабраліся ля палаца ўраду ў Вільнюсе, а 5 сакавіка збіраюцца распачаць галадоўку.
У Літве дзейнічае больш за 1.400 агульнаадукацыйных школ. Настаўнікі 200 школ з 29 раёнаў краіны ўжо страйкуюць і паступова колькасць удзельнікаў акцыі павялічваецца. Іх падтрымлівае Прафсаюз работнікаў асветы Літвы, супрацоўнік якога назваў “Радыё Рацыя” тры асноўныя прычыны настаўніцкага страйку:
- Яны працуюць з падвоенай нагрузкай пры неадэкватным заробку. Прэстыж настаўніцкай прафесіі ў нас у Літве ідзе на дно. Настаўнікі патрабуюць умоваў для бяспечнай працы ў школах, таму што вучні зараз маюць усе правы, а настаўнікі толькі абавязкі.
Пакуль асноўная задача настаўнікаў – звярнуць на свае праблемы ўвагу кіраўніцтва краіны:
- Мы робім усё, каб урад пачаў перамовы. Супрацоўнікі ўраду думаюць, што змогуць пазбегнуць гэтага, робяць нейкія рухі ў самім урадзе, у сейме, але на прамы кантакт са страйкоўцамі яны не ідуць. Аднак настаўнікі цвёрда вырашылі, што пакуль не будзе перамоваў, або пакуль не будуць выкананыя іх патрабаванні, будуць страйкаваць да канца, колькі змогуць.
На сённяшні дзень заробак літоўскага настаўніка складае прыкладна 475 еўра. Для параўнання, аклад беларускага настаўніка прыблізна 90 еўра, з надбаўкамі за класнае кіраўніцтва і стаж - каля 150 еўра. Сталічныя настаўнікі атрымліваюць дадатковыя грошы - прыблізна 45 еўра з гарадской казны, прызначаныя ім мэрам Міхаілам Паўлавым. Лічаныя настаўнікі з вялікім стажам і падвоенай нагрузкай могуць атрымаць 300 еўра, асноўная колькасць супрацоўнікаў школ мае з нацяжкай 200 еўра. Стаўленне да настаўнікаў у беларускім грамадстве не лепшае, чым у літоўскім, не кажучы ўжо пра адносіны і паводзіны навучэнцаў школ. Тым не менш, беларускія настаўнікі не збіраюцца страйкаваць. Чаму? На гэта пытанне адказалі Рацыі настаўніцы дзвюх сталічных школ. Першая - настаўніца з 15-гадовым стажам Вольга Цвіркоўская:
- У нас не будуць страйкаваць, бо народ іншы. У нас усе так баяцца! Калі былі мітынгі, у нас у загадным парадку было абвешчана, што калі нехта будзе замешаны, адразу можна пісаць заяву на звальненне. Нават калі нечыя старшакласнікі будуць удзельнічаць, таксама настаўнікам не пазбегнуць непрыемнасцяў.
Далей разважае Марына Рудакова, якая ўжо 20 гадоў працуе ў школе:
- Настаўнікі выйшлі яшчэ з савецкага часу, дзе за любы заробак трэба працаваць, і яны працуюць. Акрамя таго, мы ж не можам такім чынам дзяцей супраць дзяржавы настройваць, мы можам толькі аб’ектыўна раскрываць сітуацыю, а дзеці павінны самі рабіць свае вывады. І настаўнік не пойдзе страйкаваць - таму што кепска, але можа быць яшчэ горш. А можа гэта такая наша талерантнасць беларуская – з усім пагаджаемся…
Як бы там ні было, відавочна адно: літоўскія настаўнікі пры заробках амаль у тры разы большых, чым у беларускіх настаўнікаў, маюць і ў тры разы большае пачуццё годнасці, якое, праўда, ад грошай не залежыць.