«Невыязны» Шчукін прабраўся ў Нямеччыну праз Расею
34- 6.03.2008, 10:07
За межы Беларусі не выпускаюць былога дэпутата Вярхоўнай Савета Валерыя Шчукіна. «Невыязны» Шчукін не змог вылецець у Нямеччыну з Менска і вылецеў туды праз Расею.
Вядомы праваабаронца напісаў ліст генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу з просьбай прыцягнуць да адказнасці тых, хто пазапраўна ўнёс яго ў банк дадзеных невыязных асоб.
«Гэтымі днямі спрабаваў цалкам легальна перасекчы беларускую мяжу – мяне запрасілі ў Нямеччыну, – распавёў Валеры Шчукін «Белорусскому партизану». – Аднак памежнікі не выпусцілі з краіны – сказалі, што маё прозвішча значыцца ў спісе тых, каму забароненае пакідаць межы Беларусі.
Не ведаю, на якіх падставах мне забароненае выязджаць за мяжу. Ніякіх «грахоў» за мной не лічыцца. Больш за тое: у канцы мінулага года мне паставілі дазваленчы штамп на выезд – калі б былі нейкія запазычанасці перад дзяржавай, то гэтага штампа не было б».
Варта адзначыць, што ў Нямеччыну Валеры Шчукін усё ж прыехаў. Праз Расею.
«Беларускія памежнікі былі, мякка кажучы, вельмі здзіўленыя, убачыўшы мяне, калі я вяртаўся на радзіму, бо паводле іх спісаў я застаўся ў Беларусі! – гаворыць Шчукін. – Аднак не ўпусціць мяне яны не маглі… Натуральна, я напісаў ліст на імя генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча з просьбай разабрацца ў сітуацыі і пакараць вінаватых. Чакаю адказу…».
Гэта ўжо не першы выпадак, калі ўлады не выпускаюць за мяжу прадстаўнікоў апазіцыі. Так, невыязным стаў старшыня партыі АГП Анатоль Лябедзька. Некалькі разоў не выпускалі ў Польшчу Анжаліку Борыс. Штамп у пашпарце, зроблены, дарэчы, з двума памылкамі, ператвараецца ў інструмент застрашвання апазіцыі.