Пуцін вызначыў новы статус Мядзведзева
2- 6.03.2008, 11:56
Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў указ нумар 295, у якім вызначаецца статус пераможца прэзідэнцкіх выбараў у перыяд да інаўгурацыі. Як стала вядома газеце "Коммерсант", дакумент быў падпісаны яшчэ 3 сакавіка.
Паводле гэтага ўказу, чалавека, які апынуўся ў цяперашнім становішчы першага віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Мядзведзева, варта менаваць "вновь избранным и не вступившим в должность президентом Российской Федерации".
Адміністрацыі прэзідэнта РФ дакументам загаданае забяспечваць дзейнасць абодвух прэзідэнтаў – і які ўступіў, і які не ўступіў на пасаду, адзначае выданне.
Акрамя таго, Федэральнай службе аховы даручанае ахоўваць "вновь избранным и не вступившим в должность" і вылучыць яму афіцыйную рэзідэнцыю.
Газета адзначае, што ў сучаснай расейскай гісторыі гэта першы выпадак, калі ўвогуле з'явілася неабходнасць у такім указе. У 1996 годзе ўлада засталася ў дзейнага прэзідэнта, Барыса Ельцына. У 2000-ім –таксама: прэзідэнтам Расеі стаў в.а. прэзідэнта Уладзімір Пуцін. У 2004 годзе ён жа перамог на выбарах, застаючыся кіраўніком дзяржавы.
Нагадаем, што "вновь избранным и не вступившим в должность президентом Российской Федерации" Дзмітрый Мядзведзеў стаў 3 сакавіка 2008 года, калі сталі вядомыя вынікі мінулых днём раней прэзідэнцкіх выбараў. Паводле папярэдніх дадзеных ЦВК РФ, Мядзведзеў атрымаў на іх перамогу ў першым туры, набраўшы 70,28 працэнта галасоў выбаршчыкаў.