9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветна вядомыя дзеячы патрабуюць вызвалення Аляксандра Казуліна

8
Сусветна вядомыя дзеячы патрабуюць вызвалення Аляксандра Казуліна

У Польшчы, Францыі і Галандыі прайшла сумесная акцыя ініцыятывы «Wolna Bialor» і «Amnesty International» за вызваленне палітвязня Аляксандра Казуліна.

Сутнасць акцыі зводзілася да напісання лістоў Аляксандру Лукашэнкі з патрабаваннем вызвалення палітвязня. Зварот напісалі сусветна вядомыя грамадскія дзеячы. Збігнеў Бжэзінскі, Адам Міхнік, Андрэ Глюксман, Сяргей Кавалёў, Міраслаў Марыновіч, Марэк Эдэльман і іншыя.

Было напісанае больш як 400 лістоў, якія неўзабаве адправяцца поштай непасрэдна Аляксандру Лукашэнку. Толькі з інтэрнэт-партала www.wolnabialorus.pl былі накіраваныя больш як 500 электронных лістоў.

Гэтую ініцыятыву падтрымалі шмат простых людзей, якія ахвотна пісалі лісты і прыцягвалі да акцыі сваіх дзяцей і сяброў. Працэс збору подпісаў у падтрымку Казуліна стаў адным з сюжэтаў праграмы «Panorama» 2 канала польскага тэлебачання, а таксама знайшоў адлюстраванне ў матэрыялах вядучых польскіх газет, такіх як «Gazeta Wyborcza» і «Rzeczpospolita». Адначасова акцыю падтрымаў лідэр руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Тэкст звароту да Аляксандра Лукашэнкі:

Спадар Прэзідэнт,

Ваш палітычны супернік Аляксандар Казулін ужо два гады як знаходзіцца ў турме. Ён быў жорстка пакараны за выступ супраць парушэння дэмакратычных стандартаў, якія мелі месца падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 г. Сусветная супольнасць лічыць Аляксандра Казуліна Вязнем сумлення і ахвярай дзяржавы, якая катуе сваіх грамадзян.

Адмысловую занепакоенасць і абурэнне выклікаюць Вашы паводзіны ў сітуацыі з сямейнай трагедыяй Аляксандра Казуліна: нядаўна, пасля працяглай хваробы, памерла яго жонка Ірына Казуліна.

Смерць блізкага чалавека – гэта страшная трагедыя, якая не павінна станавіцца аб'ектам палітычных працэсаў, шантажу або спроб псіхалагічнага ціску на чалавека, які знаходзіцца ў такой цяжкай сітуацыі. Спробы ігнараваць гэты факт мы разглядаем як замах на чалавечую годнасць.

Спадар Прэзідэнт, існуе толькі адзін спосаб, хаця б часткова кампенсаваць вялізныя страты Аляксандра Казуліна, нанесеныя Вашым кіраўніцтвам – неадкладна вызваліць яго з турмы і ўстрымацца ад далейшага пераследу і рэпрэсій; так, каб Казулін здолеў, як свабодны грамадзянін, развітацца па-людску з жонкай і вярнуцца да нармальнага жыцця ў грамадстве.

Мы патрабуем неадкладнага вызвалення Аляксандра Казуліна і спадзяемся на вашу спагадлівасць!

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках