Апраўданне Расеяй жорсткасці беларускіх уладаў выглядае проста жахліва
27- Сяргей Баймухаметаў, «Русский базар» (Нью-Ёрк, ЗША)
- 11.04.2008, 15:21
Еўразвяз і ЗША абвясцілі пра магчымае прымяненне эканамічных санкцый да рэжыму Лукашэнкі. У сувязі з апошнім жорсткім разгонам апазіцыйнага мітынгу і небывалымі рэпрэсіямі супраць журналістаў. А Расея ўзяла Лукашэнку пад абарону.
Амбасадар у Беларусі Аляксандр Сурыкаў сказаў на прэс-канферэнцыі: “Ва ўсіх краінах саджаюць за палітычныя выступы, калі яны парушаюць заканадаўства краіны… Шмат хто спрабуе надаць гэтым пытанням палітычны змест, выкідваючы крымінальны складнік”.
Як вядома, Лукашэнка вельмі крыўдуе на расейскую прэсу. Не разумеючы, што расейскія дзяржаўныя медыі падаюць інфармацыю пра падзеі ў Беларусі надзвычай лаяльна, а недзяржаўныя газеты цяжка прымусіць захапляцца беларускім кіраўніком.
І тут яго падтрымлівае грамадзянін Расеі, дзяржсакратар “саюза” Беларусі і Расеі Павел Барадзін. “У Расеі прэсы няма, - заявіў ён на прэс-канферэнцыі. – Цяпер пытанне не “хто прэса”, а “за колькі прэса”.
Што хацеў сказаць Павел Паўлавіч, зразумець няцяжка. Намякаў, што інфармацыя пра беларускія падзеі ў расейскай прэсе некім праплачана. З гэтага можна зрабіць лагічную выснову, што адпаведна некім падкуплены і журналісты, якія пераказвалі інфармацыю з гарадоў Беларусі. Але ўсіх падкупіць немагчыма, Павел Паўлавіч, ды яшчэ так, каб журналісты з розных геаграфічных пунктаў паведамлялі, па сутнасці, пра тое ж самае.
У кватэру карэспандэнта “Радыё Рацыя” Барыса Гарэцкага ў Мінску ўвайшлі ўзброеныя людзі і з парогу скамандавалі “Да сцяны! Рукі за галаву!”
“Было шэсць супрацоўнікаў КДБ, ад маёра і ніжэй”, - распавядае журналістка-відавочца Юлія Коцкая. – Мяне ізалявалі ў пакоі з адным супрацоўнікам, а Барыса Гарэцкага – у другім, забралі тэлефоны і пачалі ўсё глядзець, лазіць па сталах, паліцах, разглядаць паперы, кампутары. Потым старшы оперупаўнаважаны КДБ нехта маёр Іваноў Р.А. спрабаваў са мной “шчыра” пагутарыць. З ягоных словаў я даведалася, што гэта ў іх спланаваная аперацыя, пры чым у маштабе краіны. Ён так і сказаў: “сёння вашых па ўсёй краіне трасуць”.
Сапраўды, у адзін дзень у дванаццаці гарадах Беларусі (Мінску, Гродна, Віцебску, Брэсце, Бабруйску, Гомелі і іншых) супрацоўнікі КДБ і МУС зладзілі масавыя ператрусы ў рэдакцыях і на кватэрах супрацоўнікаў апазіцыйных газет, радыё і тэлевізіі. Дарэчы, у Гомелі пад ператрус і допыт трапіў і журналіст Анатоль Гатоўчыц. У яго кватэры некалі начаваў цяперашні прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Тады, 17 гадоў таму, той быў дэпутатам Вярхоўнага Савету, змагаўся з прывілеямі наменклатуры і ў Гомель прыехаў па запрашэнні Аляксандра Гатоўчыца і яго жонкі, супрацоўніцы мясцовай газеты. Яны славілі яго як абаронцу народа. Цяпер у іх кватэры супрацоўнікі КДБ забралі два кампутары і здымач.
“У нашай рэдакцыі канфіскавана пяць сістэмных блокаў, - паведаміў рэдактар інтэрнэт-выдання “Пагоня” Мікалай Маркевіч. – Але калі да нас супрацоўнікі ўпраўлення КДБ па Гродненскай вобласці зайшлі без цяжкасцяў, то офіс партыі БНФ даў клопату: ламалі дзверы з дапамогай сякеры. Там яны канфіскавалі два кампутары і ксеракс”.
Адразу трое маёраў упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці – Р.Гайшун, А.Раманаў і Е.Нікіценка – з’явіліся а 8 раніцы на кватэру журналіста Генадзя Судніка. Ператрус цягнуўся больш за дзве гадзіны.
У кватэру журналісткі Алены Сцяпанавай у Віцебску а 10 гадзіне раніцы ўварваліся людзі ў цывільным разам з жаўнерамі мясцовай вайсковай часткі. Яны сказалі, што ў горадзе распаўсюджвалася ўлётка, абразлівая для гонару і годнасці Аляксандра Лукашэнкі. У журналісткі забралі кампутар, пад час ператрусу ёй забаранялі размаўляць па тэлефоне.
У Бабруйску прыкладна аб 11.00 журналісту Андрэю Шобіну затэлефанавалі людзі, якія назваліся супрацоўнікамі міліцыі, і папярэдзілі, каб ён заставаўся ў доме, бо да яго прыедуць з ператрусам. Шобін адмовіўся адмыкаць ім дзверы. Тады выклікалі супрацоўнікаў камунальнай службы, пад’езд заблакавалі аўтамабілем, а дзверы ў кватэру ўзламалі. Адабралі кампутар з маніторам, ноўтбук, частку кампакт-дыскаў, відэакасет, а Андрэя Шобіна звезлі на допыт у КДБ.
Вялікі шмон. Па ўсіх правілах зоны.
Асаблівую ўвагу КДБ надаў прадстаўніцтвам “Радыё Рацыя”, “Еўрапейскага радыё”, тэлекампаніі “БелСат”, чые галоўныя офісы месцяцца ў Польшчы. Затрымана 30 журналістаў. Большасць з іх так званыя стрынгеры, гэта значыць вольныя рэпарцёры, афіцыйна не акрэдытаваныя. Замежных журналістаў масавым чынам у Беларусі яшчэ да сценкі не ставяць і рук за галаву не закладаюць. А гэтыя – свае. Са сваімі – можна.
“Ператрусы ладзяцца ў рамках крымінальнай справы па абвінавачванні ў паклёпе і абразе гонару і годнасці прэзідэнта Беларусі, якая было распачата ўлетку 2005 году па факце пашыраных праз Інтэрнэт мультфільмаў палітычнага характару”, - паведаміў прэсе намеснік пракурора Мінска.
Вядзецца пра мультфільмы, галоўны герой якіх – персанаж, падобны да Аляксандра Лукашэнкі. Шмат каму ён запомніўся ў паласатай робе арыштанта з №1 на левай нагруднай кішэні. Тады пад следства трапілі Андрэй Абозаў, Павел Марозаў і Алег Мініч. Ім пагражала да 5 гадоў турмы. Але Міжнародны звяз мультыплікатараў прыгразіў: калі не спыніцца пераслед беларускіх калегаў, сеціва апануюць тысячы такіх мультфільмаў пра Лукашэнку. Пасля чаго справа заціхла, Алег Мініч, АндрэйАбозаў і Павел Марозаў з’ехалі з краіны.
Цяпер іх даўнюю справу скарысталі як нагоду для ўсебеларускай зачысткі журналістаў. Нічога лепшага прыдумаць не маглі. Зрэшты, навошта напружвацца? У Беларусі, як у кнізе Оруэла “1984”, усе ўсё разумеюць, як належыць.
Разумеюць, што сапраўдная падстава – мітынг “Дзень волі”, які адбыўся ў Мінску 25 сакавіка. Дэманстрантаў білі, не саромячыся камераў. Чатырох чалавек даставілі ў лякарні ў цяжкім стане. Увесь свет бачыў жорсткі разгон на экранах тэлевізараў.
Пры гэткіх абставінах апраўданне расейскім бокам расправы з народам выглядае проста жахліва. І адбіваецца на расейскіх уладах.
“Русский базар” – штодзённая газета рускамоўнай супольнасці Нью-Ёрка.