Лукашэнка: «Піва здароўю не шкодзіць»
28- 15.04.2008, 13:16
Аляксандр Лукашэнка разлічвае на ўзаемавыгадную супрацу з кампаніяй Heineken N.V.
"Я вельмі здаволены тым, што да нас прыходзяць такія буйныя кампаніі", - заявіў А.Лукашэнка пад час сённяшняй сустрэчы са старшынём Выканаўчай рады, прэзідэнтам кампаніі Heineken N.V. Жанам- Франсуа ван Боксмэерам у Менску, паведамляе "Інтэрфакс".
"У нас склалася прынцыповая пазіцыя. Калі замежная кампанія працуе ў Беларусі, незалежна ад таго, адкуль яна прыйшла - з Галандыі, Вялікабрытаніі ці Амерыкі - мы разглядаем яе як нашую кампанію, і мы будзем ладзіць ёй падтрымку і абараняць яе, як беларускую кампанію", - заявіў беларускі кіраўнік.
Па ягоных словах, у Беларусі "даўно вызначыліся, чаго мы хочам ад усіх беларускіх і замежных кампаній, што працуюць і працавацьмуць на беларускім піўным рынку". "Мяне вельмі цікавіць: наколькі эфектыўна кампанія будзе працаваць ў плане рэнтабельнасці і прыбытковасці", - сказаў ён. Апрача таго, А.Лукашэнка звярнуў увагу на пытанні ўдзелу замежных броварных кампаній ва ўсім вытворчым цыкле "пачынаючы ад вытворчасці броварнага ячменю ў рэспубліцы". У сувязі з чым А.Лукашэнка заявіў: "Галоўнае, каб вы далі нам заданне, той узровень, на які мусіць выйсці сельская гаспадарка". "Мы гэта абавязкова зробім", - сказаў ён.
Па-другое, ягонымі словамі, "нам хацелася, каб з вашай дапамогай мы маглі сысці ад імпарту піва". "Сутнасць заключаецца ў тым, каб такія найлепшыя кампаніі ў свеце, як ваша, выраблялі піва найлепшых стандартаў не толькі для ўнутранага рынку, але і экспарту", - заявіў беларускі прэзідэнт.
Любы бізнэс, які прыходзіць у Беларусь, мае сацыяльную нагрузку
У дадатак, А.Лукашэнка сказаў, што пры развіцці супрацы з кампаніяй Heineken N.V. "вельмі не хацелася б страціць айчынныя брэнды, не хацелася б страціць нашыя маркі піва, да якіх прызвычаіліся людзі". "Не хацелася б, каб такая магутная кампанія, як Heineken, падмяла пад сябе беларускія кампаніі", - падкрэсліў А.Лукашэнка. У сувязі з чым, ягонымі словамі, "мы будзем зыходзіць з дзяржаўных інтэрасаў, улічваючы, у тым ліку, і інтэрасы беларускіх кампаній. Таму хацелася б, каб вы ўзгаднілі з імі (з беларускімі вытворцамі - ІФ) свае пазіцыі і дамовіліся".
Беларускі кіраўнік канстатаваў, што дагэтуль у Беларусі піва спажываюць менш, чым у іншых краінах. "Наколькі вядома, пры нармалёвым і ўмеркаваным спажыцці піва здароўю не шкодзіць", - адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што "фронт працы ў Беларусі для вашай кампаніі велізарны".
А.Лукашэнка таксама заявіў, што "любы бізнэс, які прыходзіць у Беларусь, мае сацыяльную нагрузку". "Сацыяльны аспект для нас вельмі важны, але разам з тым мы жадаем, каб вам гэта было не ў шкоду ", - адзначыў ён. Пры гэтым ён дадаў: "Мы не можам казаць, што замежныя кампаніі, якія працуюць у Беларусі, кепска ставяцца да нашых людзей".
У сваю чаргу, прэзідэнт Heineken N.V. заявіў, што для кампаніі "ужо больш за 15 гадоў рынак Усходняй Еўропы мае каласальнае значэнне". "Мы працяглы час прыглядаліся да Беларусі і сёння з радасцю пачынаем практычныя крокі супрацы з Беларуссю", - адзначыў Ж.-Ф. Боксмэер.
"Мы вельмі задаволены тым, што піўзавод "Сябар" выявіўся надзвычай добрым прадпрыемствам ў плане кадравага складу і абсталявання. Гэта вельмі добрая стартавая пляцоўка для пашырэння нашай працы ў Беларусі", - заявіў прэзідэнт Heineken N.V.