Вячаслаў Сіўчык: «Гэта здзекі над правасуддзем»
3- 22.04.2008, 17:58
«Гэта не цырк і не балаган, гэта здзекі над законам і правасуддзем, якое сёння ярка прадэманстравала суддзя Ільіна», - заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 дэмакратычны актывіст Вячаслаў Сіўчык, каментуючы прысуд, вынесены сёння ўдзельнікам «Працэсу 14-ці» суддзёй Цэнтральнага раёну Менску Аленай Ільіной.
Па яго меркаванні, «ніякіх законных падставаў для такога прысуду не існуе ў прыродзе, аднак суддзя спакойным голасам зачытала ўжо некім прыгатаваны прысуд».
Як ліча Вячаслаў Сіўчык, «Абсалютна непрыемліма, калі ў ХХІ стагоддзі ў еўрапейскай краіне адбываюцца палітычныя працэсы і выносяцца прысуды, якія пазбаўляюць чалавека свабоды за ягоныя погляды і перакананні».
«Канешне, беларускія ўлады ні ў што не ставяць «Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека ААН», але сёняшні прысуд супярэчыць не толькі міжнародным актам, падпісаным Беларуссю, але і беларускаму заканадаўству. Таму я лічу, што гэта ў чыстым выглядзе палітычны і нічым не матываваны прысуд», - упэўнены дэмакратычны актывіст.
Вячаслаў Сіўчык таксама паведаміў, што прысуд будзе абскарджаны, але спадзявацца на яго змякчэнне ў сёняшняй сітуацыі вельмі складана. Тым не менш, дэмакратычная апазіцыя будзе прыкладаць усе намаганні, каб прысуды ў адносінах удзельнікаў«Працэсу 14-ці» былі адмененыя.
«Заўтра збярэцца камітэт у падтрымку Андрэя Кіма, на якім мы намераныя абмеркаваць, што мы можам зрабіць, каб Андрэй Кім апынуўся на волі, і як мы можам дапамагчы астатнім. Гэта наш грамадзянскі абавязак перад моладдзю, якая трапіла пад рэпрэсіўны малох дзяржавы», - распавёў Вячаслаў Сіўчык
Нагадаем, што сёння моладзевы актывіст Андрэй Кім асуджаны судом Цэнтральнага раёну Менску да 1, 5 год калоніі. Іншыя ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч – прысуджаныя да выпраўленчых работ па месцы працаўладкавання з адлічэннем дзяржаве 20% заробку. Антона Койпіша і Ўладзіміра Сяргеева аштрафавалі на 100 базавых велічыняў. Прысуды выносіла суддзя Алена Ільіна.
Андрэй Кім прызнаны судом вінаватым не толькі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі пратэсту, але таксама абвінавачаны ў нападзе на супрацоўніка ДАІ Юрыя Сычова. Аднак на судзе не была даказаная віна Кіма. На відэакадрах, якія прапанавалі КДБ, МУС і Беларускае тэлебачанне, бачна, што Сычова ўдарыў іншы супрацоўнік міліцыі. Андрэй Кім нават не набліжаўся да міліцыянта.