25 красавiка 2024, Чацвер, 16:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сяргея Парсюкевіча адпраўляюць у калонію на 2,5 гады

28
Сяргея Парсюкевіча адпраўляюць у калонію на 2,5 гады

Суд Маскоўскага раёна Менска прызначыў лідэру прадпрымальнікаў Сяргею Парсюкевічу 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму. Прадпрымальнік таксама мусіць выплаціць міліцыянту Аляксандру Дулубу 1 мільён 100 тысяч рублёў кампенсацыі. Прысуд вынес суддзя Уладзімір Аўдзеенка.

Пасля абвяшчэння прысуду Сяргей Парсюкевіч сказаў: "Гэта палітычная расправа. Не пакідайце без падтрымкі маю сям'ю!".

Пракурор Сяргей Кунаш патрабаваў прысудзіць Сяргею Парсюкевічу тры гады калоніі агульнага рэжыму.

Нагадаем, што Сяргей хварэе на астму. За час, праведзены ў следчым ізалятары на Валадарскага, стан яго здароўя значна пагоршылася.

Сяргей Парсюкевіч быў арыштаваны ў Менску 4 сакавіка. Віцебскі прадпрымальнік затрыманы нібыта за "гвалтоўныя дзеянні супраць супрацоўніка міліцыі". Раней Парсюкевіч быў затрыманы за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску і прысуджаны да 15 сутак арышту, які прадпрымальнік правёў у спецпрыёмніку-размеркавальніку на вуліцы Акрэсціна. Па сведчанні Парсюкевіча, 21 студзеня ён быў жорстка збіты супрацоўнікам спецпрыёмніка Аляксандрам Дулубам. Пазней гэты міліцыянт, каб пазбегнуць абвінавачанняў у перавышэнні паўнамоцтваў, сам абвінаваціў Сяргея Парсюкевіча ў тым, што арыштант яго збіў.

Сёння ў судзе Сяргей Парсюкевіч прысягнуў на іконе здароўем сына, жонкі і маці, што ні ў чым не вінаваты і не збіваў супрацоўніка міліцыі. Словы прадпрымальніка пацвярджаюць людзі, якія сядзелі разам з ім у камеры спецпрыёмніка. Так, сведка Алесь Таўстыка сёння пацвердзіў у судзе паказанні падсуднага. Па ягоных словах, міліцыянт Дулуб уварваўся ў камеру, у грубай форме загадаў усім падняцца, стукнуў па нагах Парсюкевіча, вывеў яго з камеры, а праз 10 хвілін усё пачулі крыкі прадпрымальніка: "Дапамажыце, забіваюць!". Таўстыка заявіў, што Аляксандр Дулуб, прызнаны ў справе пацярпелым, баіцца адказнасці за свае дзеянні, таму ўзводзіць паклёп на Парсюкевіча.

Сам Парсюкевич распавёў пра здарэнне на Акрэсціна наступнае. У камеру прыйшоў міліцыянт Дулуб і загадаў усім падняцца. Парсюкевіч пачаў разам з усімі ўздымацца. На нарах ён ляжаў босы, і Дулуб вельмі моцна стукнуў яго ботам па назе. Парсюкевіч сказаў, што ён маёр МУС на пенсіі і зрабіў Дулубу заўвагу наконт яго паводзінаў. Пасля гэтага Дулуб залез на падваконне, сарваў самаробны бел-чырвона-белы сцяг, кінуў шматкі гэтага сцяга на месца, дзе ляжаў Парсюкевіч. Ён сказаў, каб той выйшаў з камеры і зайшоў у пакой для допытаў. Прадпрымальнік сеў там на лаву, і Дулуб пачаў яго біць далонямі па вушах, а пасля па галаве. Тады Парсюкевіч узняўся, адштурхнуў яго і паспрабаваў спыніць удары, схапіўшы за рукі. У гэты момант забег другі міліцыянт Якімчык , яны кінулі палітвязня на падлогу і начапілі кайданкі.

Пасля гэтага пачалося самае страшнае. Парсюкевіч распавёў, што сядзеў на падлозе ў кайданках, а Дулуб біў яго па твары, і нагамі па нырках. Прадпрымальніку, хвораму на астму, стала дрэнна. Спалохаўшыся, міліцыянты далі яму падыхаць з інгалятара і выклікалі "хуткую".

Старшыня Рады індывідуальных прадпрымальнікаў "Смаленскага рынку" у Віцебску Сяргей Парсюкевіч з'яўляецца маёрам міліцыі ў адстаўцы. Выйшаў на пенсію ў 2004 годзе ў пасадзе начальніка судова-крыміналістычнага аддзела, пасля чаго і пачаў займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Супрацоўнік міліцыі Аляксандр Дулуб

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках