9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Донары па прымусе

2

Савет Міністраў зацвердзіў спіс дзяржаўных прадпрыемстваў, за кошт якіх у 2008 годзе будзе фармавацца фонд нацыянальнага развіцця.

Агулам беларускія прадпрыемствы мусяць пералічыць больш за 474 млрд рублёў, якія афіцыйна пайдуць на рэалізацыю найважных, з гледзішча дзяржавы, сацыяльных і эканамічных праектаў. Рэальна ж будуць скіраваны на падтрымку стратных прадпрыемстваў, піша " Ежедневник".

Фонд нацыянальнага развіцця быў створаны ў снежні 2005 года. Асноўная крыніца фармавання гэтага фонду - прыбытак найбольш высокарэнтабельных прадпрыемстваў. Пералік іх, а таксама памер часткі прыбытку, парадак і тэрміны яго пераліку ў фонд штогод вызначаюцца ўрадам па ўзгадненні з прэзідэнтам.

У першы раз, у 2006 годзе, у спіс былі ўключаны 37 прадпрыемстваў, якія пералічылі ў фонд 61 млрд рублёў. Аднак у 2007-м урад вырашыў скарыстаць фонд, дакладней, яго механізмы даення, на поўную магутнасць і павялічыў абавязковыя адлічэнні ў 20 разоў - да 1280 млрд рублёў. Асноўнымі донарамі сталі нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Напрыклад, толькі ААТ "Мазырскі НПЗ" пералічыла 229 млрд рублёў, хоць усімі сіламі спрабавала пераканаць урад, што такі абавязак паставіць прадпрыемства ў цяжкае становішча. Фактычна ўвесь прыбытак, атрыманы ў 2006 годзе, пералічыў у пачатку 2007-га і "Нафтан", пазбавіўшыся пры гэтым абаротных сродкаў для закупу нафты. Аднак ураду патрэбны былі грошы для кампенсацыйных выплатаў у сувязі з падаражэннем газу і нафты, а таксама для падтрымкі сельгасвытворцаў. І ён іх атрымаў. Толькі ў ліпені 2007 года аблвыканкамам было дадзена з фонду 260 млрд рублёў для забеспячэння вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі паліўна-змазвальнымі матэрыяламі для здзяйснення палявых прац па нарыхтоўцы кормаў і ўборцы ўраджаю. У 2008 году бюджэт фонду нацыянальнага развіцця будзе фармавацца ўжо высілкамі 93 прадпрыемстваў, але сума пералікаў паменшыцца ў параўнанні з мінулым годам больш чым у два разы. Нягледзячы на значнае павелічэнне колькасці "дойных кароваў" і памяншэнне сумы пералікаў, як і раней, бюджэт фонду будзе фармавацца галоўным чынам некалькімі звышпрыбытковымі прадпрыемствамі рэспублікі.

Як гэтая павіннасць паўплывае на іх фінансавую ўстойлівасць, пакажа час. Пакуль жа варта адзначыць, што ў спісе донараў адбыліся пэўныя змены. Урад не наважыўся яшчэ раз выпрабоўваць фінансавым шокам нфтаперапрацоўчую галіну і пераклаў цяжар на іншыя крыніцы. Так, з 473,8 млрд рублёў 230,3 млрд пералічыць РУП "ПА "Беларуськалій". Яно і нядзіўна, з улікам, што рэнтабельнасць прадпрыемства толькі за першы квартал 2008 года падвысілася да 144%. Гэта адбылося за кошт пашырэння рынкаў збыту Беларускай калійнай кампаніі і значнага павелічэння коштаў на калійныя ўгнаенні.

На другім месцы сярод донараў - РУП "Гомельтранснафта Дружба", якое мусіць пералічыць у фонд нацыянальнага развіцця 58,2 млрд рублёў. Усе астатнія яшчэ менш. Зрэшты, важна не тое, колькі грошай пералічыць у фонд кожнае прадпрыемства, а чаго гэта ім будзе каштаваць. Магчыма, страта 100 млн даляраў не стане фатальнай для "Беларуськалія", але ўжо сапраўды не дазволіць аднаму з найпрыбытковых прадпрыемстваў краіны належным чынам развівацца. Па сутнасці, РУП "ПА "Беларуськалій" выступіць інвестарам стратных сельгаспрадпрыемстваў і іншых дзяржаўных праектаў, якія не прынясуць далей ніякай прыбытку.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках