ЧП у тубдыспансеры
4- 29.04.2008, 15:04
Святло ў двухпавярховым корпусе абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера па вуліцы Сасновай у Магілёве знікла ў нядзелю ў 23.08. На лініі электраперадачы адбылася аварыя. Калі згасла святло, як паведамляе «Советская Белоруссия», у дыспансеры пачаліся беспарадкі.
На другім паверсе гэтага корпуса лечацца людзі з цяжкай адкрытай формай хваробы. Большасць з іх адхіляліся ад лячэння, таму сюды патрапілі па рашэннях судоў. Шмат хто – з месцаў пазбаўлення волі. Выхад на вуліцу для іх зачынены. На першым паверсе будынка - міліцэйскі пост з камерай відэаназірання.
Беспарадкі пачаліся, калі нехта з хворых убачыў у вакне, што ў суседнім корпусе дыспансера электрычнасць не адключалі. «Глядзіце, нас тут за людзей не лічаць, Пасху не даюць адсвяткаваць, прымушаюць спаць», - крычалі завадатары.
76 пакрыўджаных пацыентаў пачалі біць шкло. Затым адчынілі дзверы і рушылі на першы паверх.
Прапаршчык Сяргей Юцаў, які дзяжурыў у тую ноч, у час заўважыў на маніторы пачатак канфлікту (абсталяванне відэаназірання надзеленае рэзервным акумулятарным сілкаваннем), звязаўся са сваім кіраўніцтвам.
- Ноч выдалася і без таго складаная, - узгадвае начальнік Кастрычніцкага аддзела дэпартамента «Ахова» Магілёва маёр міліцыі Сяргей Мельнічук. – святло згасла не толькі ў гэтым корпусе, але і на суседняй вуліцы ў прыватным сектары, і ў некаторых установах, у тым ліку – у нашым аддзеле. каля 45 аб’ектаў засталіся без аховы. Увесь асабісты састаў быў падняты па трывозе.
Становішча ў тубдыспансеры распалілася настолькі, што туды адначасова з «Аховай» прыбылі і кіраўніцтва Кастрычніцкага РАУС, і байцы спецыяльнай роты хуткага рэагавання. Дзяжурны добра запомніў завадатараў. З імі міліцыянты і пачалі перамовы. Калі хворых змаглі ўпэўніць у тым, што прычынай знікнення электрычнасці сапраўды стала аварыя, яны пачалі разыходзіцца па палатах. А хутка з’явілася і святло: паломку энергетыкі ўстранілі за паўгадзіны.