«Малады Фронт»: Удзел у такіх «выбарах» -- абсурдная справа
22- 12.05.2008, 8:56
Моладзевая арганізацыя «Малады Фронт» далучаецца да кампаніі байкоту так званых парламенцкіх выбараў, якія беларускія ўлады праводзяць восеньню гэтага года. «Удзел у такіх «выбарах» ёсьць ня толькі немэтазгоднаю, але і абсурднаю справаю, якая адно дапаможа легітымізаваць самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі», -- гаворыцца ў заяве “Маладога Фронта”, разьмешчанай на сайце арганізацыі.
“Яшчэ не стартавала парлямэнцкая кампанія, а будучыя “выбары” ўсё болей і болей нагадваць гульню аднаго актора. Да галасаваньня болей за чатыры месяцы, а старшыня ЦВК Беларусі, Лідзія Ярмошына, ужо заявіла аб тым, што не валодае паўнамоцтвамі ўвядзеньня прадстаўнікоў партыяў у выбарчыя камісіі; адміністрацыя ж прэзыдэнта, у асобе Натальлі Пяткевіч, увогуле сьведаміла, што ня будзе нават дыялёг весьці з апазыцыяй па пытаньню выбараў. Непрыхаваны фарс сьведчыць аб тым, што ўлада не зьбіраецца лібералізаваць выбарчае заканадаўства і працэс галасаваньня", -- упэўненыя моладзевыя актвывісты.
“Малады Фронт” заклікае ўсіх беларусаў “байкатаваць псэўдавыбары і прыходзіць у дзень галасаваньня на плошчу Каліноўскага”.
“Голас беларуса ўжо скрадзены. Лукашэнка палічыць яго толькі ў адным выпадку. У выпадку, калі ўсе мы выйдзем на галоўную плошчу Беларусі, на плошчу Кастуся Каліноўскага. Гэта адзінае месца ў нашай краіне, дзе хлусьня ЦВК ня дзейнічае. Адзінае месца, дзе “моцная” улада становіцца слабою і трусьліваю. Адзінае месца, дзе галасы нашыя даюць Беларусі надзею на перамены!”, -- заяўляе “Малады Фронт”.