9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аднаго з лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» будуць судзіць за сцягі ЕЗ на першамайскай дэманстрацыі (Фота)

4

Усе актывісты грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", затрыманыя падчас афіцыйнага першамайскага мітынгу ў Менску, вызвалены за выключэннем Мікалая Статкевіча.

Больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" прыйшлі 1 мая да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзняли на афіцыйным мітынгу дзесяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 мая афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. У дадатак, дата мае важнае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму ў Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.

Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПа. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі праз калена, сінія полкі з зоркамі-- адбіралі.

Адзін з лідэраў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Мікалай Статкевіч паспеў звярнуцца да ўдзельнікаў афіцыйных урачыстасцяў праз мегафон. "Мы за вольную, еўрапейскую і дэмакратычную Беларусь. Беларусь павінна стаць вольнай і далучыцца да сям'і еўрапейскіх народаў. Мы выступаем супраць прымусовых кантрактаў, супраць адмены льготаў, супраць дыскрымінацыі правоў працаўнікоў і за еўрапейскую Беларусь. Жыве еўрапейская Беларусь!", -- крыкнуў Мікалай Статкевіч. Пасля гэтага палітыка схапілі амапаўцы і, скруціўшы рукі, зацягнулі ў міліцэйскі аўтобус.

Усяго падчас афіцыйнага мітынгу былі затрыманы каля 30 чалавек. Затрыманых даставілі ва Упраўленне ўнутраных справаў Першамайскага раёна. Затрыманні людзей працягнуліся каля Першамайскага РУУС, куды моладзевыя актывісты прыйшлі падтрымаць затрыманых.

Праз некалькі гадзін большасць з іх была вызвалена без складання пратаколаў. Пратаколы па артыкулах 23.34 і 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (удзел у несанкцыянаванай акцыі і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі адпаведна) складзены адносна некалькіх чалавек. У іх ліку – Зміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч. Маладзёнаў адпусцілі пры ўмове, што яны мусяць з'явіцца ў міліцыю з першага патрабавання.

Мікалай Статкевіч дастаўлены на ноч у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (па вуліцы Акрэсціна). Мяркуецца, што сёння ён паўстане перад судом Першамайскага раёна.

1 мая каля Першамайскага РУУС Менска:

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках