Улады зьнішчаюць адну з апошніх незалежных газэт
2- 2.05.2008, 9:26
Некалькі тыдняў таму адзінаму незалежнаму выданьню Гарадзенскай вобласьці “Газэце Слонімскай” адмовілі ў працягу дамовы арэнды безь якіх-кольвек тлумачэньняў. Спробы знайсьці іншае памяшканьне плёну не даюць – адмаўляюць нават прыватнікі.
Як паведамляе «Радыё Свабода», пасьля чарговага наведваньня ўладных кабінэтаў рэдактар “ГС” Віктар Валадашчук прыходзіць да высновы, што “чыноўнікі вырашылі зьнішчыць газэту” і наўпрост зьвяртаецца да сваіх чытачоў: патрэбная ім “Газета Слонімская” ці не?
У лісьце да чытачоў рэдактар узгадвае, што вось ужо на працягу двух гадоў газэта ня ўключана ў каталёг падпіскі “Белпошты” і не прадаецца ў шапіках “Белсаюздруку”, паколькі дамову не працягнулі. Нядаўна паводле вуснага загаду мясцовых чыноўнікаў газэту забаранілі прадаваць у крамах.
А днямі рэдактар атрымаў ліст з папярэджаньнем аб парушэньні ліцэнзіі на дробны гандаль (газэта распаўсюджваецца прыватнымі асобамі) і з пагрозай ануляваць ліцэнзію.
“Спробы знайсьці памяшканьне нават у прыватных уласьнікаў не даюць ніякага выніку: усе адмаўляюць”, — кажа Віктар Валадашчук.
Віктар Валадашчук перакананы, што газэту мэтанакіравана зьнішчаюць. Таму апошняе, што ён вырашыў зрабіць, — запытацца ў чытачоў, ці патрэбная ім газэта. Рэдактар запрашае накіроўваць лісты на імя рэдакцыі, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні са сваімі думкамі наконт гэтага. Допісы будуць апублікаваныя.
Рэдактар таксама ўзгадвае гісторыю газэты й піша, што ў 1938 годзе яе ўжо зачынялі, але ў гісторыі не засталося імёнаў тых, хто гэта рабіў. Гэтым разам рэдактар абяцае апублікаваць імёны ўсіх, хто датычны да закрыцьця газэты. “Гісторыя і нашчадкі павінны ведаць іх імёны” — піша Віктар Валадашчук.
Нагадаем, што тэрмін арэнды памяшканьня ў рэдакцыі сканчаецца 1 чэрвеня. “Газета Слонімская” — апошняе незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне ў Гарадзенскай вобласьці.