9 чэрвеня 2026, aўторак, 4:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад Менскам пабудуюць беларускую «Рублёўку»

8

Першы ў Беларусі элітны пасёлак клубнага тыпу плануе прэзентаваць на першай Міжнароднай выставе раскошы ELITE EXPO-2008 група кампаніяў ViVa Invest.

Як распавёў памочнік дырэктара рыэлтарскай кампаніі ViVa Invest Вадзім Тачкін, падобныя праекты - не рэдкасць у Маскве, аднак у Беларусі ён рэалізуецца ўпершыню.

"Гэта, вядома, не "Рублёўка", але нешта падобнае з папраўкай на беларускія рэаліі - пасёлак маскоўска-еўрапейскага фармату: для таго, каб жыць у ім, неабходна не толькі валодаць грунтоўным банкаўскім рахункам, але і мець належную вагу ў грамадстве", - паведаміў "Інтэрфаксу" Вадзім Тачкін. Па ягоных словах, не выключаны варыянт, што з патэнцыйнымі пакупнікамі перад дамовай будзе ладзіцца гутарка, па выніках якой і будзе прымацца рашэнне аб продажы (ці адмове ў продажы) дома. Такім чынам будуць забяспечвацца камфорт і выгода жыхароў.

Кошт дамоў у пасёлку, які плануецца пачаць будаваць ужо ў гэтым годзе ў раёне вёскі Зацень пад Менскам, складае "ад паўмільёна даляраў". Пры гэтым у кошт не ўваходзіць аздабленне і інфраструктура. Што да апошняй, яна будзе адпавядаць агульнаму VIP-узроўню пасёлка - элітны спартовы цэнтр, басейн, зона адпачынку, фітнэс-цэнтр, міні-гатэль - і будзе належыць жыхарам. Таму і паслугі для іх будуць бясплатныя. "Разепам" у клубны пасёлак уваход будзе забаронены.

Што да агульнага кошту праекту, то Вадзім Тачкін абмежаваўся лаканічным "вельмі дорага". Па ягоных словах, адным з найпрымальнейшых варыянтаў рэалізацыі праекту стане набыццё пасёлка клубнага тыпу (пакуль без назвы) адной з буйных кампаній ці карпарацый.

"Мы не сумняемся, што праект зацікавіць патэнцыйных пакупнікоў. Аднак, з прычыны яго адмысловасці, мы не плануем шырока рэкламаваць праект - жадаем толькі данесці да патэнцыйных кліентаў інфармацыю пра яго існаванне", - адзначыў Вадзім Тачкін.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках