26 красавiка 2024, Пятніца, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутат Бундэстага Маркус Мэкель: «Лукашэнка зраўнаваў з зямлёй усё высілкі па наладжванні дыялогу з Еўропай»

12

Нямецкі дэпутат Маркус Мэкель распаўсюдзіў заяву, у якой ён заклікае Брусэль "перагледзець адносіны з беларускімі ўладамі".

Дэпутат Бундэстага ад Сацыял-дэмакратычнай партыі, эксперт па замежнапалітычных пытаннях у інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" кажа пра тое, якой мусіць быць стратэгія ЕЗ адносна Беларусі.

-- Еўрапейскі звяз неаднаразова рабіў неафіцыйныя спробы ўвайсці ў дыялог з беларускім кіраўніцтвам для таго, каб потым можна было наладзіць перамовы і прыйсці да пэўнага выніку. Аднак выходзіць, што Лукашэнка ўсе гэтыя высілкі зраўнаваў з зямлёй, тым, што пачаў распаляць адносіны паміж Беларуссю і ЗША. З іншага боку, ён не забывае і ціснуць на грамадзянскую супольнасць, прыгнятаць яшчэ дзейныя ў Беларусі недзяржаўныя грамадскія арганізацыі і незалежныя СМІ. Еўропа не павінна заплюшчваць вочы на гэтыя працэсы. Усё гэта, я думаю, сур'ёзна ўскладніць дыялог Беларусі і Еўропы.

-- Які метад, на Вашую думку, эфектыўнейшы - пуга ці пернік - санкцыі ці дыялог?

- Дыялог карысны заўсёды, але важна выразна выказваць сваё меркаванне. У дадзеным выпадку пытанне не ў патрэбе выбару паміж санкцыямі і дыялогам. Трэба дакладна фармуляваць свой пасыл, тлумачыць, якія дзеянні не будуць вітацца ні пры якіх акалічнасцях і чаму. Але ўсё гэта можна вырашыць шляхам дыялогу. Падчас перамоваў з Беларуссю Еўразвяз мусіць заўсёды ясна даваць зразумець, што выступае за вызваленне палітвязняў. Са свайго боку, мы гатовы спрыяць Беларусі ў развязанні глабальных праблемаў, напрыклад, у энергетычнай сферы. Але супраца магчыма толькі тады, калі беларускія ўлады прадэманструюць гатовасць, а пакуль цяперашняя лінія Аляксандра Лукашэнкі ідзе насуперак нашым высілкам.

Я таксама лічу вельмі важным даць беларусам магчымасць падарожнічаць па краінах Еўразвяза. З гэтай нагоды я рашуча выступаю за паніжэнне кошту візаў для грамадзян Беларусі. 60 еўра - вялікая сума, многія не могуць сабе дазволіць заплаціць столькі за візу. Неабходна дамагчыся паніжэння кошту візаў для беларусаў да 35 еўра, як гэта ўжо было зроблена для жыхароў іншых краінаў.

- Аляксандр Лукашэнка ўспрымае заклікі Захаду да дэмакратызацыі як умяшанне ва ўнутраныя справы краіны. У сваім апошнім звароце да народа і "парламента" ён некалькі разоў падкрэсліў, што палітвязняў у Беларусі няма, а Казулін выйсці на волю адмовіўся сам...

- Тут трэба сказаць адно: паняцце "умяшанне ва ўнутраную палітыку" у 21 стагоддзі ўжо не актуальна. Краіны, якія ўдзельнічаюць у міжнародных працэсах, а ў іх удзельнічае і Беларусь, мусяць выконваць міжнародна-прызнаныя прынцыпы. Да іх ставіцца і элементарнае захаванне правоў чалавека.

А што да адсутнасці ў Беларусі палітвязняў, тут я мушу не пагадзіцца з Аляксандрам Лукашэнкам. У Беларусі ёсць палітвязні і іх трэба вызваліць. А Аляксандру Казуліну прапаноўвалі выйсці на волю на пэўных умовах. Аднак, паколькі ён прызнаны палітвязнем, выпусціць яго мусяць без прад'яўлення якія-небудзь умоваў.

- Вы заклікаеце ЕЗ пасудзейнічаць беларускай апазіцыі напярэдадні парламенцкіх выбараў. Якой Вы бачыце гэтую дапамогу?

- Еўразвязу трэба выразна даць зразумець Лукашэнку, што выбары з'яўляюцца легітымнымі, толькі калі ў выбарцаў ёсць альтэрнатывы, а ў апазіцыі - магчымасць паўнапраўна ўдзельнічаць у перадвыбарнай барацьбе. Гэта роўны доступ да СМІ і выбарцаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках