Новым прэзідэнтам ЕБРР стаў немец Томас Міраў
- 20.05.2008, 8:53
Рада кіраўнікоў Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) прызначыла Томаса Мірава (Нямеччына) прэзідэнтам банка, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні банка.
Томас Міраў стаў пятым прэзідэнтам банка. 3 ліпеня 2008 года ён зменіць на гэтай пасадзе Жана Лям’ера, які сыходзіць у адстаўку пасля двух чатырохгадовых тэрмінаў на гэтай пасадзе.
На гэты момант Томас Міраў з'яўляецца дзяржаўным сакратаром Міністэрства фінансаў Нямеччыны, якія адказваюць за палітыку адносна ўнутраных і міжнародных фінансавых рынкаў, за дзейнасць міжнародных фінансавых установаў і шматбаковых банкаў развіцця.
Ён уваходзіць ў пасаду прэзідэнта ЕБРР у той перыяд, калі банк, адгукаючыся на патрабаванні краін аперацыяў, пераарыентуе сваю дзейнасць далей на ўсход і паўднёвы ўсход, адзначаецца ў прэс-рэлізе ЕБРР.
Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця быў створаны ў 1991 годзе. Сёння інвестыцыйныя прылады ЕБРР выкарыстоўваюцца ў мэтах усталявання рынкавай эканомікі і дэмакратыі ў 29 краінах - ад Цэнтральнай Еўропы да Цэнтральнай Азіі.