9 чэрвеня 2026, aўторак, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міністр адукацыі сыдзе ў адстаўку?

5

У кулуарах Міністэрства адукацыі абмяркоўваюць магчымы сыход з пасады Аляксандра Радзькова, які займае кіраўнічы фатэль са жніўня 2003 года.

Хутчэй за ўсё, менавіта ён адкажа за няўдалы пераход сярэдняй школы на 12-гадовае навучанне. Зрэшты, эксперты «Завтра твоей страны» лічаць: міністр, які не здолеў абараніць сваю пазіцыю ў рэфармаванні школы перад беларускім кіраўніком, мусіць падаць у адстаўку сам.

Эксперты называюць адразу некалькі прычын для адстаўкі Аляксандра Радзькова. Па-першае, менавіта яго абвінавацяць у тым, што занядбана праца ўсёй сярэдняй школы. Рэформа сярэдняй адукацыі і пераход школы на 12-гадовую сістэму навучання пачыналіся ў бытнасць міністрам адукацыі Васіля Стражава, але немэтазгоднасць такой інавацыі, на думку кіраўніцтва краіны, стала відавочнай менавіта тады, калі міністэрствам ужо кіраваў Аляксандр Радзькоў.

У падтрымку гэтай версіі, на думку экспертаў, кажа нават той факт, што створаную пасля красавіцкай нарады ў Лукашэнкі, дзе ўласна і вызначыўся лёс сярэдняй школы, спецыяльную камісію ўзначаліў не міністр адукацыі, а першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Анатоль Рубінаў. І распрацоўкай новых параметраў сярэдняй школы займалася не ведамства Радзькова, а чыноўнікі прэзідэнцкай адміністрацыі.

Да меркавання Радзькова, які спачатку выступаў супраць адмены 12-гадовай сістэмы сярэдняй адукацыі, а потым выступаў за паэтапны пераход да 11-годкі, не надта і прыслухаліся. Як вядома, у праекце дэкрэту, які па пэўных звестках будзе падпісаны Лукашэнкам у канцы траўня, прапаноўваецца ўжо з наступнага вучэбнага года зрабіць беларускую школу 11-гадовай.

Другая прычына - элементарная ратацыя кадраў. Радзькоў узначальвае Міністэрства адукацыі амаль пяць гадоў. А беларускі кіраўнік, як вядома, любіць “картаваць” кадры. "Доўгажыхароў" у міністэрскім корпусе Беларусі не так і шмат. Больш за пяць гадоў на гэтай пасадзе працуюць толькі кіраўнік МУС Уладзімір Навумаў, міністр статыстыкі і аналізу Уладзімір Зіноўскі і міністр фінансаў Мікалай Корбут, які, праўда, па стане здароўя трэці месяц адсутнічае на працы.

І, нарэшце, трэцяя і апошняя версія магчымай адстаўкі Радзькова - яго новая пасада. У прынцыпе, фактычна і сёння Радзькоў сядзіць на двух фатэлях. Міністр адукацыі з'яўляецца таксама старшынём РГТ "Белая Русь". У леташнім снежні гэтая арганізацыя была зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі.

Нягледзячы на тое, што апошнім часам загаманілі, нібыта ўзначаліць "Белую Русь" можа былы спікер "парламента" Уладзімір Канаплёў або намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Юры Азаронак, у Міністэрстве адукацыі ўсё ж схільныя лічыць, што змены старшыні РГТ "Белая Русь" не будзе. Аляксандр Радзькоў нібыта сам у асабістых гутарках намякае, што пакідае міністэрскую пасаду з прычыны абцяжаранасці "грамадскай працай".

Зрэшты, некаторыя эксперты раяць не спяшацца з магчымай адстаўкай Аляксандра Радзькова. Іншага міністра, які б так слепа і літаральна выконваў указанні зверху, як гэта робіць Радзьков, які скончыў той самы Магілёўскі педінстытут, што і Лукашэнка, яшчэ пашукаць. Ён надзвычай хутка ўвасобіў у жыццё заўвагі Лукашэнкі пра тое, што моладзевыя арганізацыі, такія як БРСМ – мусяць быць масавымі, што "адшчапенцам", якія ходзяць на акцыі апазіцыі, не месца ў беларускіх вну, што прадмет "ідэалогія" - адзін з важных у вучэбным раскладзе сярэдняй і вышэйшай школы Беларусі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках