25 красавiка 2024, Чацвер, 19:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску пройдуць акцыі салідарнасці з палітвязнем Аляксандрам Казуліным

2

Прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) падалі ў Мінгарвыканкам заяўкі на правядзенне 6-7 ліпеня пікетаў салідарнасці з лідэрам партыі Аляксандрам Казуліным.

Пікеты прымеркаваны да другіх угодак судовага працэсу над А.Казуліным. "Мы будзем патрабаваць вызвалення Аляксандра Казуліна, а таксама інфармавання грамадзян аб дзейнасці партыі, якая, у тым ліку, уключае барацьбу за вызваленне старшыні", - сказаў у інтэрв'ю БелаПАН намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч.

З ягоных словаў, арганізатары пікетаў будуць прыцягваць увагу грамадскасці да скаргі, якую адвакат Зміцер Гарачка скіраваў на мінулым тыдні генпракурору Беларусі Рыгору Васілевічу. У ёй змешчана просьба адмяніць прысуд А.Казуліну. "Для абароны гэта апошняя наглядная скарга ў пракуратуру, і калі генпракурор адменіць папярэднія незаконныя рашэнні па справе Казуліна, то прынамсі часткова здыме ганьбу з беларускай судовай сістэмы", - заявіў І.Рынкевіч.

Пікеты плануецца зарганізаваць у трох месцах, прызначаных гарвыканкамам: на плошчы Бангалор, пляцоўцы каля цырка шапіто (па вуліцы Арлоўскай) і ў парку 50-годдзя Кастрычніка. Мяркуецца, што ў кожным пікеце паўдзельнічаюць пад 50 чалавек.

І.Рынкевіч выказаў спадзеў, што гарвыканкам дазволіць правядзенне акцыяў. "У выпадку адмовы нам давядзецца падумаць пра альтэрнатыўныя дзеянні", - падкрэсліў ён.

Нагадаем, 13 ліпеня 2006 года суд прызнаў А.Казуліна вінаватым у "наўмысных дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, <...> суправаджаюцца ўжываннем гвалту і знішчэннем чужой маёмасці", а таксама ў "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўніка ўлады, што пацягнула парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў, і актыўным удзеле ў такіх дзеяннях".

Меліся на ўвазе падзеі 25 сакавіка 2006 года, калі апазіцыя ладзіла масавую акцыю, прымеркаваную да ўгодак абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (Дня Волі). Незадоўга да гэтага, 19 сакавіка, праходзілі прэзідэнцкія выбары, у якіх А.Казулін удзельнічаў у якасці кандыдата на пост кіраўніка дзяржавы. Суд прысудзіў апазіцыйнага палітыка да зняволення тэрмінам у пяць з паловай гадоў. Пакаранне экс-кандыдат у прэзідэнты адбывае ў віцебскай выпраўленчай калоніі агульнага рэжыму "Віцьба-3". Арганізацыя "Міжнародная амністыя" прызнала Аляксандра Казуліна палітвязнем.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках