Менгарвыканкам ухваліў разгон акцыі пратэста на вуліцы Гамарніка
19- 27.06.2008, 17:08
У Менскім гарвыканкаме перакананыя, што дом на вуліцы Гамарніка, вакол якога ідуць спрэчкі, будуецца законна, у адпаведнасьці з існуючымі нарматывамі.
Як заявіла ў інтэрвію “Радыё Свабода” кіраўніца аддзелу горадабудаўнічага плянаваньня Камітэту архітэктуры і будаўніцтва Менскага гарвыканкама Марыя Бушук, “гэта сталіца, гэта іншая шчыльнасьць забудовы ў горадзе. А людзям, якія ня хочуць ў такіх умовах жыць, трэба выбіраць іншыя спосабы пратэсту... Вы жывяце ня ў Пухавічах, а ў сталіцы краіны Менску, горада, які адносіцца да буйнейшых, дзе дзейнічаюць іншыя нормы”, - сцьвярджае прадстаўніца Менгарвыканкаму.
Спадарыня Бушук таксама пракамэнтавала факт, калі на вуліцы Гамарніка мясцовыя жыхары клаліся пад колы будаўнічай тэхнікі, каб не дапусьціць узьвядзеньня на месцы дзіцячай пляцоўкі шматпавярховіка.
“Калі мы дапускаем да гэтага, то няхай ляжаць... Для гэтага існуюць адміністратыўныя службы ў раёне, тая ж міліцыя. Калі гэтыя жыльцы не плацяць за гэтую зямлю, гэта зямля гарадзкая, то як яны будуць там класьціся пад колы?” – сказала М.Бушук.
Нагадаем, сёньня раніцай каля дзесятку жыхароў з вуліцы Гамарніка ў Менску блякавалі фуры з кампанэнтамі вежавага крану. Яны пратэстуюць супраць разьвязанага будаўніцтва дома на месцы дзіцячай пляцоўкі. Сьпярша будаўнікі ўчынілі бойку з жанчынамі. Потым яны выклікалі міліцыю. Міліцыянты затрымалі адну з удзельніц пратэсту Ніну Нарубай, даставілі яе ў апорны пункт на Гамарніка,14, дзе ўзялі паказаньні, пасьля чаго адпусьцілі.