Уэйн Флемінг паляцеў з Менска без кантракту з «Дынама»
4- 3.06.2008, 8:35
Канадзец Уэйн Флемінг пакінуў Менск без кантракту з "Дынама", якое ўвосень стартуе ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Канчатковы адказ паўночнаамерыканскі адмысловец абяцаў даць з дому 4 чэрвеня.
"Я адразу папярэдзіў прэзідэнта вашай федэрацыі Навумава, што мне трэба ўпарадкаваць справы бізнэсу і мне спатрэбяцца некалькі дзён. Я павінен быць упэўнены, што без мяне усё будзе ў парадку", - заявіў 57-гадовы Флемінг на сустрэчы з журналістамі ў панядзелак, пераказвае "Салідарнасць".
Канадзец дыпламатычна пахваліў Менск і ўзровень беларускага хакею. "Па просьбе жонкі я наведаў некалькі гандлёвых цэнтраў. Думаю, ёй вельмі спадабаецца", - сказаў Флемінг. Праўда, распавесці пра інцыдэнт, калі яго ў краме прынялі за шпіёна, не змог. Як высветлілася, міліцыя выказала прэтэнзіі не яму, а яго спадарожніку - генеральнаму дырэктару "Дынама" Уладзіміру Ганчарову.
Ніякага страху перад працай у Беларусі канадскі адмысловец, па ягоных словах, не адчувае. "Вядома, гэта будзе выпрабаванне, калі каманда ствараецца з нуля. Мы мусім папярэдзіць жыхароў Менска, што фармаванне каманды - гэта цяжкі этап. У нас будуць добрыя матчы і не надта. Аднойчы, магчыма, у наступным сезоне, "Дынама" выйграе Кантынентальную хакейную лігу", - заявіў Флемінг.
Калі канадзец усё ж пагодзіцца ўзначаліць "Дынама", то не будзе прыцягваць зашмат легіянераў: "Калі іх будзе 12 або 14, мясцовыя гульцы не змогуць гуляць. Маладым трэба даваць шанец. З-за мяжы будзем запрашаць вартых. Можа, паўночнаамерыканцаў, шведаў, фінаў. 1 ліпеня адкрываецца рынак вольных агентаў у НХЛ. Магчыма, нехта схоча пераехаць у Еўропу".
Канадзец гатовы сумяшчаць працу ў клубе і зборнай, асістуючы Глену Хэнлану. Але ўсё гэта зноў-такі павінна вырашыцца 4 чэрвеня. І не факт, што Флемінг дасць згоду. У красавіку на тры дні ў Менск прыязджаў яшчэ адзін канадзец Джон Пэдак. Ён вярнуўшыся дадому ды адмовіўся ўзначаліць "Дынама", спаслаўшыся на сямейныя абставіны і цяжкасці з афармленнем страхоўкі для сваёй 15-гадовай дачкі, якая не змагла б наведваць трэнера ў Менску.
Гендырэктар "Дынама" Уладзімір Ганчароў заявіў на прэс-канферэнцыі, што на выпадак самаадводу Флемінга "ёсць запасныя кандыдаты", але выказаў спадзеў, што зараз усё атрымаецца. У адваротным выпадку давядзецца пачынаць усё ад пачатку.