Усё больш беларусаў лічаць за лепшае працаваць за мяжой
12- 5.06.2008, 9:14
У апошнія гады ў Беларусі назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці асобаў, ахвочых з'ехаць на заробкі за мяжу.
Як паведаміў БелаПАН начальнік аддзела знешняй працоўнай міграцыі, уцекачоў і прытулку ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі (УГІМ) ГУУС Мінгарвыканкама Валянцін Дземчанка, толькі за тры месяцы 2008 года па афіцыйных звестках на працу за мяжу выехала каля 1000 менчукоў.
Так, калі ў 2006 годзе выехала на працу за мяжу 4.270 грамадзян Беларусі, то ў 2007 годзе ўжо 6.125. Па яго словах, гэта, пераважна, краіны Балтыі, Польшча, Расея, Чэхія.
У той жа час заехала ў Беларусь для працы за тры месяцы 2008 гады толькі 164 чалавека, пераважна грамадзяне Турцыі, Таджыкістана, Арменіі і Непала.
Асноўная прычына, чаму замежнікі не хочуць ехаць працаваць у Беларусь, на думку начальніка аддзела, - гэта нізкі заробак. З гэтай прычыны, лічыць В.Дземчанка, з 50 запрошаных летась на будаўніцтва спорткомплекса "Менск-Арэна" будаўнікоў з Таджыкістана на сёння засталося толькі двое. Цяпер прапрацоўваецца пытанне, каб запрасіць на будаўніцтва раёна Лябяжы працаўнікоў з Кітая і Малдовы.
Па інфармацыі В.Дземчанка, у Менску на ўліку значыцца 360 чалавек, якія атрымалі статус уцекача. Па яго словах, больш за ўсё ўцекачоў з Аўганістана - 310 чалавек. Ёсць уцекачы з Грузіі (16), Эфіёпіі (15), Таджыкістана (5), Ірана (5), Палестыны (4), Азербайджана (3), Індыі (1), Ліберыі (1)