20 красавiка 2024, Субота, 19:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз не будзе супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі без вызвалення палітвязняў

13
Еўразвяз не будзе супрацоўнічаць з рэжымам Лукашэнкі без вызвалення палітвязняў

У Еўрапейскім Парламенце адбылася канферэнцыя па Еўрапейскай палітыцы добрасуседства з усходнімі краінамі, па выніках якой была прынятая адмысловая заява, дзе асобны пункт прысвечаны Беларусі.

“У пункце, прысвечаным Беларусі, пазначана, што Беларусь можа далучыцца да праграмы Еўразвяза па супрацоўніцтве, але пры умове, калі пачнуць ясна выконвацца дэмакратычныя нормы. У першую чаргу мусяць быць вызваленыя ўсе палітвязні, забяспечана бесперашкодная праца незалежнай прэсы і роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў на парламенцкіх выбарах”, - паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з удзельнікаў канферэнцыі, намеснік старшыні партыі БНФ Вінцук Вячорка.

Ён таксама распавёў, што ў межах канферэнцыі беларуская дэлегацыя сёння сустракалася са старшынёй Еўрапарламенту Хансам-Гертам Потэрынгам. “Мы ахарактарызавалі беларускую сітуацыю. Паколькі Лукашэнка заявіў пра гатоўнасць прыняць любую колькасць міжнародных назіральнікаў пад час парламенцкіх выбараў, мы прапанавалі, каб у Беларусь прыехала як мага болей доўгатэрміновых назіральнікаў, якія б маглі ацаніць рэальную сітуацыю ў часе перадвыбарнай кампаніі, становішча з апазіцыйнымі партыямі, незалежным друкам, бо кароткатэрміновае назіранне можа зафіксаваць толькі факты парушэння ў часе менавіта галасавання, але не дае магчымасці зразумець агульную сітуацыю. Я ўсцешаны, што спадар Потэрынг падтрымаў нашу прапанову”, - сказаў Вінцук Вячорка.

Спадар Вячорка таксама паведаміў, што пад час канферэнцыі ў сваіх выступах закраналі беларускае пытанне кіраўнік рабочай групы па сувязях з Беларуссю Яцэк Пратасевіч і камісар Еўразвяза па знешняй палітыцы і палітыцы добрасуседства Беніта Ферэра-Вальднер.

Нагадаем, 4-5 чэрвеня ў Бруселі праходзіла канферэнцыя па Еўрапейскай палітыцы добрасуседства ў адносінах з усходнімі краінамі. У ёй бралі ўдзел лідэры апазіцыйных палітычных партыяў Беларусі - Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Сяргей Калякін і намеснік лідэра руху "За Свабоду" Аляксей Кавалец, а таксама парламентары з Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы и Украіны.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках