29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Казулін: Ці шмат у Беларусі прафесіяналаў, здольных граматна зрабіць выбухную прыладу?

16

9 ліпеня адбылося кароткачасовае спатканне экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі палітвязня Аляксандра Казуліна з дочкамі Вольгай і Юліяй.

Адміністрацыя турмы гэтым разам павялічыла працягласць сустрэчы палітвязня з роднымі да трох гадзінаў замест дзвюх, як гэта было раней.

Не гледзячы на абмежаваныя часавыя рамкі, палітык не застаўся ўбаку ад падзей, якія хвалююць усю краіну.

«Я глыбока шкадую з нагоды выбуху, які адбыўся, і спагадаю пацярпелым, а таксама іх сем'ям. Нягледзячы на крушэнне чарговага міфа аб «стабільнасці», як дасягненні дзейснай улады, трэба знайсці адказ на пытанне, каму ліпеньская трагедыя была на руку, і хто пажынае на чужым няшчасці палітычныя дывідэнды, кідае за рашотку актывістаў апазіцыі, нагнятае становішча перад «выбарамі», - заявіў А.Казулін.

Па меркаванні Казуліна, сёння ніхто ў Беларусі не сумняецца, што выбух меў характар, накіраваны на паражэнне канечнасцяў, і быў ажыццёўлены прафесіяналамі. «Выбух быў разлічаны на тое, каб пасеяць паніку, а не забіць. Магчымая згуба нявінных людзей была бы персанальнай дыскрэдытацыяй так званага «гаранта стабільнасці». Але ці шмат у нас у краіне прафесіяналаў, здольных так граматна зрабіць выбухную прыладу? Лічу, іх варта шукаць у сілавых ведамствах, падпарадкаваных Лукашэнку, а не сярод дэмакратаў, на якіх прарэжымная прэса спрабуе павесіць усіх сабак», - лічыць апазіцыйны палітык.

«Па законах жанру першы выбух можа быць толькі адцягваючым увагу. Тады як Служба Бяспекі дазволіла Лукашэнку наблізіцца да месца выбуху? Гэта сведчыць альбо аб абуральным непрафесіяналізме супрацоўнікаў аховы, альбо аб тым, што Лукашэнка ведаў, што другога выбуху не будзе. На чалавеку, які заве сябе кіраўніком дзяржавы ляжыць і маральная адказнасць, за тое, што арганізатары не спынілі канцэрт і не забяспечылі эвакуацыю людзей. Бо першую бомбу знайшлі яшчэ за некалькі гадзінаў да выбуху, а магла быць, не дай Бог і трэцяя, чацвёртая» - цытуе лідэра сацыял-дэмакратаў прэс-служба палітыка.

Нагадаем, былы кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Аляксандр Казулін быў кінуты за краты ў Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года за арганізацыю масавых акцыяў пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. 13 ліпеня Менскі суд прысудзіў палітыка да 5,5 год турэмнага зняволення. Аляксандр Казулін прызнаны міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі Вязнем сумлення. Яго вызвалення патрабуюць краіны Еўразвяза і ЗША.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках