Бізнэсоўца выпусцілі з СІЗА за 700 тысяч даляраў
2- 13.08.2008, 11:58
Расследванне крымінальнай справы ў дачыненні да экстрадаванага з Нямеччыны экс- дырэктара па маркетынгу прадпрыемства "Домус" Юрыя Шатра скончанае.
Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у сераду ў міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі.
"Расследванне дадзенай справы скончанае. Ідзе падрыхтоўка да перадачы матэрыялаў расследвання ў Генеральную пракуратуру Беларусі", - паведамілі ў МУС.
Там удакладнілі, што Ю.Шацёр пераведзены з СІЗА пад хатні арышт.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, Ю. Шацёр вярнуў дзяржаве частку доўгу ў памеры больш за Br1,5 млрд. (704 000 даляраў ЗША).
Як раней паведамляла агенцтва з спасылкай на Генеральную пракуратуру, Ю.Шацёр, якому было прад'яўлена абвінавачванне ў стварэнні злачыннай арганізацыі з мэтай ухілення ад мытных плацяжоў у адмыслова буйным памеры, быў у канцы 2007 году затрыманым у Нямеччыне і экстрадаваным ў Беларусь.