Менскае «Дынама» прайграла латышам
2- 5.08.2008, 9:38
Хакеісты менскага "Дынама" правялі першы ў гэтым сезоне таварыскі матч. У Рызе менчукі сустракаліся з мясцовым "Дынама" і саступілі гаспадарам 1:5 (1:1, 0:2, 0:2) .
Госці адкрылі лік на 8-й хвіліне гульні пасля дакладнага кідку Віктара Андрушчанкі, а затым шайбы закідвалі толькі хакеісты рыжскага клуба. Лепшым гульцом сустрэчы ў складзе беларусаў быў прызнаны галкіпер Віталь Коваль, перадае БелТА.
На пасляматчавай прэс-канферэнцыі адзін з трэнераў менчукоў Уладзімір Цыплакоў адзначыў, што ён не вельмі задаволены гульнёй сваіх падапечных у першым спарынгу. Ён сказаў, што беларускія хакеісты дапусцілі мноства памылак, чым і скарысталіся рыжане. Па словах трэнера, у сённяшнім кантрольным паядынку з казахстанскім "Барысом" вароты менчукоў будзе абараняць канадскі легіянер Эндзі Чыода.
Што датычна новага галоўнага трэнера дынамаўскага клуба амерыканца Джыма Хьюза, то ён павінен далучыцца да каманды 7 жніўня на наступным вучэбна-трэніравальным зборы, які адбудзецца ў Фінляндыі. Нагадаем, што Джым Хьюз змяніў на пасту галоўнага трэнера іншага заакіянскага спецыяліста Пола Гарднера, прапрацаваўшага з менчукамі зусім нядоўга, а затым адпраўленага ў адстаўку. Дарэчы, неўзабаве шэрагі менскага "Дынама" папоўняць яшчэ два паўночнаамерыканскіх хакеіста: нападнік Джэфф Джуліяна і абаронца Даг Нолан. Першы з іх за сваю гульнявую кар'еру паспеў пагуляць у клубе НХЛ "Лос-Анджэлес Кінгз", за які правёў 41 матч і набраў 13 ачкоў (3 шайбы і 10 дзейсных перадач). Другі не гуляў у мацнейшай хакейнай лізе свету, але мае вялікі досвед выступаў у розных паўночнаамерыканскіх лігах. У мінулым сезоне ён гуляў у аўстрыйскім "Граце" - 39 гульняў, набраўшы па сістэме "гол плюс пас" 10 ачкоў (2 шайбы і 8 перадач). Па меркаванні кіраўніцтва дынамаўскай дружыны, гэтыя дасведчаныя хакеісты дапамогуць камандзе ў дэбютным сезоне Кантынентальнай хакейнай лігі (КХЛ). Стартавы матч у КХЛ менчукі правядуць 2 верасня ў Новакузнецку супраць "Металурга".