7 траўня 2024, aўторак, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Каратыш: «Быў загад на ўзроўні Мінабароны не выпускаць мяне з вайсковай часткі»

1

Сябра Партыі БНФ Віталь Каратыш, кандыдат на “выбарах” ад дэмакратычных сілаў, зараз знаходзіцца ў 465 ракетнай брыгадзе пад Асіповічамі, куды яго тэрмінова забралі 25 ліпеня і загадалі не выпускаць з часткі.

З грамадзкім актывістам пагутарыў карэспандэнт “Радыё Рацыя”:

- Як вы патрапілі ў войска?

- Сталася так, што пасля рэгістрацыі маёй ініцыятыўнай групы, на наступны ж дзень, мне не пасьпелі яшчэ выдаць дакумэнты, выклікалі ў ваенкамат, прычым па надуманым пытаньні, сказалі, што выклікаюць адносна мэдычнай камісіі, і, не папярэдзіўшы ні аб чым, мне адразу ўручылі павестку на рана наступнага дня, то бок мне далі на зборы недзе каля 16 гадзін. Толькі пасьля таго, як я атрымаў позву, я змог забраць свае дакумэнты – рэгістрацыйныя аркушы і пасьведчаньні сяброў ініцыятыўнай групы. Я лічу, што гэты апэратыўны прызыў зьвязаны з маім удзелам у выбарчай кампаніі.

- Як думаеце, зможаце зарэгістраваць сваю кандыдатуру?

- Тут ёсьць два моманты. Я, як толькі прыбыў у частку, адразу ж праз пэўны час напісаў рапарт на імя камандзіра часткі, дзе папрасіў яго даць мне 2 дні звальненьня, або хаця б адзін дзень у любы зручны момант, уключна да 18 жніўня, калі будзе апошні дзень рэгістрацыі. На што мне спачатку ў вуснай форме празь некалькі дзён адказалі, што мяне ня выпусьцяць, таму што ёсьць сур’ёзны загад на ўзроўні міністэрства абароны не выпускаць мяне з вайсковай часткі. Але празь некалькі дзён мяне паклікаў намесьнік камандзіра па ідэалёгіі вайсковай часткі, у якой я знаходжуся, і ён мне сказаў, што вось мы тут падумалі і вырашылі адпусьціць мяне для рэгістрацыі, але гэта будзе ўжо пасьля вайсковай прысягі. Я папрасіў яго даць мне слова афіцэра, што ў мяне будзе такая магчымасьць, бо гэта было ўсё сказана проста на словах. Ён адмовіўся даць мне слова афіцэра, але сказаў, што зробіць усё, што ад яго залежыць. Аднак у мяне ёсьць сур’ёзныя сумневы адносна яго абяцаньняў, бо магчыма гэта проста нейкі адмысловы захад, каб спыніць мяне, каб я не шукаў магчымасьці пакінуць частку.

- Калі нічога ня зьменіцца, колькі часу вам трэба будзе служыць?

- Мне служыць патрэбна 1 год, бо ў мяне вышэйшая адукацыя. Людзі з вышэйшай адукацыяй служаць 1 год, хаця ў прынцыпе ёсьць шмат момантаў, па якіх мяне, па-першае, не маглі прызваць, а па-другое, я мог служыць іншым чынам - месяц у войску, астатні час дома, празь нейкі час зноў у войску, затым зноў дома. Такая ёсьць у нас практыка. У мяне адмысловая праца, я зьяўляюся дырэктарам па разьвіцьці камэрцыйнай фірмы, праца не дазваляе мне пакінуць справы і адразу паехаць у войска, хаця ніхто на гэта не зьвярнуў увагі. Ёсьць праблема і з мэдычнай камісіяй. Жанчына-доктар адмаўлялася падпісаць маю ступень годнасьці, але яе на маіх вачах прымусілі гэта зрабіць. У прынцыпе, да самой службы я адношуся нармальна, калі мэдкамісія палічыла, што маё здароўе дазваляе служыць, дык я не зьбіраюся прыдумляць сабе нейкія дадатковыя хваробы.

- Ці вядома вам, як часта здараюцца такія выпадкі, калі кандыдатаў на выбары прызываюць у войска?

- Ну, наколькі мне распавялі, гэта ўвогуле беспрэцэдэнтны выпадак. Па-першае, у нашай частцы я толькі адзін зь Берасьцейскай вобласьці, па-другое, мяне прызвалі аднаго з ваенкамата, за мной асабіста выехаў маёр з вайсковай часткі. Яму была дадзеная інструкцыя, што мусіць суправаджаць нейкага крымінальнага аўтарытэта, ледзь ні зэка нейкага. І ён быў настроены, што прыйдзецца прымяніць сілу ў адносінах да мяне.

- А калі тэарэтычна вы зможаце зарэгістраваць сваю кандыдатуру, а як жа праводзіць выбарчую кампанію, калі чалавек служыць у войску?

- Мяне павінны будуць адпусціць на месяц пасьля рэгістрацыі як кандыдата, у адпаведнасьці з заканадаўствам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках