Ізноў хлусня
78- 14.01.2009, 9:35
Падчас наведвання прадпрыемства «Белкамунмаш» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што папярэджваў беларусаў аб дэвальвацыі яшчэ 18 снежня. «Нават тут я намякнуў на тое, што мы трымаць не будзем», -- сказаў ён.
Паводле яго словаў, некаторыя дагаварыліся да таго, што «Лукашэнка павінен быў за тыдзень, за дзесяць дзён абвясціць, што будзе дэвальвацыя нацыянальнай валюты».
«Слухайце, які абсурд. Уявіце, я абвясціў бы гэта да новага года. Народ бы замест навагодніх святаў ламіўся бы ў нейкія дзверы. Нідзе аб гэтым ніхто не абвяшчае. Тым больш калі хтосьці ўмее мяне слухаць, я аб гэтым казаў у інтэрв'ю з нашымі журналістамі. Я, праўда, прыкладна сказаў: ну і што, калі там на 10 [адсоткаў], крыху больш мы дэвальвуем нашую валюту. Гэта што, такія вялікія страты? Вазьміце мой выступ. Нават тут я намякнуў на тое, што мы трымаць не будзем», - цытуе БелаПАН Лукашэнку
Сказанае
Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю вядучым айчынным СМІ 18 снежня заявіў, што сітуацыя ў беларускай эканоміцы будзе залежаць не ад уладаў, а ад насельніцтва, адзначае «Комсомольская правда в Беларуси».
«Які ідыёт забярэ з банка грошы, калі ты там 20% можаш атрымаць?», - сказаў тады Лукашэнка.
Да канца 2008 года афіцыйны курс даляра да рубля застанецца на ўзроўні 2.200 рублёў, заявіў ён.
«Усё, нельга больш. Мы народу абяцалі. І я сказаў старшыні Нацбанка: май на ўвазе, не дай Бог маё слова будзе парушана. Прыйдзе новы год: 5% — гэта нішто. Вось вазьміце 5% з 2.200. Што, гэта велізарная сума для нашых людзей? Але мы на гэта не ідзем, каб там абваліць чагосьці. І няма неабходнасці зараз чагосьці абвальваць», - запэўніваў беларускі кіраўнік.