Працягваюцца затрыманні і вобшукі праваабаронцаў і журналістаў
1- 5.01.2009, 13:08
На гарадзенскім чыгуначным вакзале часова былі затрыманыя вядомы праваабаронца Віктар Сазонаў і журналіст Уладзімір Хільмановіч.
Супрацоўнікі мытні паводле загада памежнай службы правялі ў дачыненні да затрыманых асабісты дагляд і вызвалілі, перадае «Радыё Рацыя».
Амаль паўгады Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч пры перасячэнні беларуска-польскай мяжы вымушаныя праходзіць працэдуру асабістага дагляду. Прычынаў пільнай увагі ні памежнікі, ні мытнікі не тлумачаць. Паводле беларускага заканадаўства на ажыццяўленне працэдуры асабістага дагляду павінны быць пэўныя падставы, якіх у мытнікаў відавочна няма, а свае паводзіны службоўцы звычайна тлумачаць загадам зверху і тым, што затрыманыя знаходзяцца ў адмысловым спісе КДБ.
На думку Віктара Сазонава, дзеянні памежнікаў - не што іншае, як правакацыя і спроба перашкодзіць ажыццяўленню прафесійнай дзейнасці.
Зацікаўленасьць супрацоўнікаў спецслужбаў да грамадскіх актывістаў, якія перасякаюць межы Беларусі, падвышаецца звычайна падчас правядзення палітычных кампаній у краіне. Аднак на дадзены момант абвастрэння сітуацыі на палітычнай сцэне не прадбачыцца і дзеянні памежнікаў выглядаюць у пэўным сэнсе дзіўна. Не выключана, што Віктар Сазонаў і Уладзімір Хільмановіч звернуцца з запытам аб правамоцнасці дзеянняў памежных і мытных службаў у пракуратуру.