І з гэткім багажом хтосьці збіраўся лёгка выйсці з крызісу?..
- Уладзімір Халіп
- 7.01.2009, 14:32
Студзень пачаўся неяк дзіўна. Павеяла ў паветры нечым ўжо амаль забытым. І заўважылі раптам беларусы, што ў навагоднюю ноч нехта пацікавіўся іх кашалькамі.
Як некалі, на пачатку дзевяностых. Аднак тады было страчана ўсё. А цяпер знікла толькі дваццаць адсоткаў ад кожнага рубля. Але ці ёсць гарантыя, што застанецца рэшта некранутай?
Па сутнасці, нічога страшнага не адбылося. Проста клапатлівая ўлада выліла на гарачыя галовы свайго даверлівага электарата цэбар ледзяной вады. Каб абудзіліся нарэшце. І ўцямілі, які год насамрэч на двары. І што ў гэтым свеце за ўсё трэба плаціць. А тым болей, за сляпую веру ў цуд. З якой краіна, нібы дзіця, не магла развітацца чатырнаццаць гадоў.
Не зусім зразумела толькі, навошта спатрэбілася так рашуча абвальваць рубель. Ёсць жа процьма спосабаў праводіць дэвальвацыю павольна і без стрэсаў. Да таго ж самы галоўны начальнік у навагоднюю ноч запэўніў грамадзян, што яны могуць бесклапотна піць сваё шампанскае. “Да, будет непросто, но вы должны знать: власть не допустит обвала и хаоса, не предаст ваше доверие”.
Гэтыя палымяныя словы варта было б увекавечыць у мармуры і бронзе. І аздобіць імі ўваход у кожны абменнік. Пра нейкія маральныя аспекты ўзнёслай прамовы ўзгадваць не варта. Ніхто ж не ведае, што мела на мэце кіруючая кагорта, запускаючы ў эфір дэзінфармацыю. Магчыма, яны праводзілі тэставанне насельніцтва краіны на цярплівасць. Каб высветліць, колькі адсоткаў дазваляецца ўладзе забіраць з кашалькоў аднаразова. Высветлілася, што дваццаць – не мяжа. Можна болей. Праглынуць і прамаўчаць.
Масавых забурэнняў з гэткай дробязнай нагоды тут не назіралася. Людзі гуртаваліся хіба што ў гандлёвых цэнтрах, спрабуючы даведацца, дзе яшчэ па новым курсе не пералічаныя кошты імпартных тавараў. Асаблівае натхненне адчувалася каля прылаўкаў ювелірных крамаў. Як і тады, у дзевяноста першым, грэблі ўсё, абы збыць ненадзейныя рублі.
Яшчэ зусім нядаўна ўлада пераконвала ўсіх, што крызіс нам не пагражае. Узнік ён недзе там, далёка па-за межамі. А ў Беларусі - адметная эканамічная мадэль. Абраная мудрым кіраўніцтвам. Падтрыманая ўсім народам. Апрабаваная нялёгкім часам. Бездакорная. І раптам – такая неспадзяванка. Ляснуўся рубель. Той самы, на падтрыманне курсу якога ўлада не шкадавала ні сіл, ні сродкаў. Ды яшчэ выбраў момант, калі краіна, упэўненая ў заўтрашнім дні, уступала ў свой новы бесклапотны год. Першы званок, але які змрочны, трывожны. А што ж тады будзе далей?
На вялікі жаль, для краіны гэты крызіс можа быць больш працяглым і глыбокім, чым для нашых заходніх суседзяў. Прапагандысцкія лозунгі на эканоміку ніяк не ўплываюць. Можна колькі заўгодна захапляцца казкай пра стабільнасць і наш адметны шлях. А рубель будзе жыць сваім жыццём. І салдацкія каманды выконваць не пажадае. Нібы прыкрае люстэрка, ён нахабна і цынічна засведчыць сапраўдны стан тутэйшай эканомікі.
Пасля распаду Савецкага Саюза кожная з новаўтвораных краін павінна была як найхутчэй прайсці пэўны шлях да незалежнасці. Ён быў зусім не простым, гэты шлях. І мы спалохаліся магчымай нястачы. І халоднай зімы без расійскага газу. І таго, што Пазняк ці хто іншы прымусіць вучыць беларускую мову. І яшчэ няведама чаго. І пакінулі ўсё, як было, абраўшы чалавека, які паабяцаў шчасце неадкладна. Без аніякіх пераменаў. Яшчэ ўчора краіна зачаравана слухала ягоны аповед пра Беларусь, якой зайздросціць свет. А раніцой прачнуліся – якая нечаканасць!
Няма чаго здзіўляцца. Беларускі эканамічны цуд сапраўды існуе. Гэта ўсё тое, што мы пабаяліся пакінуць у мінулым. Найперш - састарэлая савецкая прамысловасць. Нерэфармаваная і малаэфектыўная. Прадукцыю якой можна збыць пераважна на рынку расійскім. Акрамя таго – калгасная сістэма, заганнасць якой стала відавочнай ужо за савецкім часам. А тут яшчэ – недарэчна вялікае войска і незлічоныя спецслужбы. Уся гэтая раць не ведае нават, што такое незалежнасць і суверэнітэт. І бароніць толькі адзіны плацдарм – Дразды. А ў дадатак да ўсяго - шматмільярдная знешняя запазычанасць і слабая ўласная валюта. І з гэткім багажом хтосьці тут збіраўся лёгка выйсці з крызісу?..
“Мы будем настойчиво продвигаться к высоким стандартам качества жизни”. Цікава, каго меў на ўвазе галоўны начальнік, звяртаючыся да грамадзян за некалькі гадзін да таго, як улада пазбавіла кожнага з іх пятай часткі заробку? Той навагодні клопат пра наш дабрабыт кожны спрабуе адолець пакуль паасобку. Спатрэбіцца час, каб незадаволеныя сабраліся разам. І ўжо не ў краме. Але рана ці позна, усім давядзецца адолець той шлях, з якога мы збочылі ў самы адказны момант гісторыі. Інакш кожны новы год у нас будзе да болю знаёмым.