Нацбанк прызнаў наяўнасць дэфіцыту валюты ў краіне
24- 9.01.2009, 8:39
Дэфіцыт замежнай валюты ў абменных пунктах часовы, лічаць у Нацыянальным банку Беларусі.
"Недахоп валюты ў абменных пунктах у апошнія дні сапраўды адчуваецца, але банкі імкнуцца падтрымліваць у іх неабходны аб'ём валюты для задавальнення попыту насельніцтва. Гэты недахоп валюты выкліканы, галоўным чынам, тэхнічнымі прычынамі, і ніякіх абмежаванняў у яе продажы не прадугледжваецца", - сказаў прэс-сакратар Нацыянальнага банка Міхаіл Журавовіч.
У Нацбанку тлумачаць, што такі попыт на замежную валюту выкліканы неабгрунтаванымі чаканнямі грамадзян далейшай дэвальвацыі нацыянальнай валюты.
Акрамя таго, у апошні час назіраецца перацяканне рублёвых укладаў грамадзянаў у банках ва ўклады ў замежнай валюце. "У гэтым выпадку фізічныя асобы губляюць двойчы, на канвертаванні і за кошт страты адсоткаў па рублёвых укладах", - адзначыў Міхаіл Журавовіч.