Чыноўнікі параілі гараджанам мітынгаваць у лесе
3- 9.01.2009, 13:42
«Вертыкальшчыкі» не дазволілі правесці сход жыхароў райцэнтра Гарадок у будынку райвыканкама.
Леанід Аўтухоў, старшыня Гарадоцкай арганізацыі Партыі БНФ і актывіст руху «За свабоду», хацеў абгаварыць з землякамі цяперашнія падзеі - правесці сход «Аб сацыяльна-эканамічным становішчы ў краіне і мерах пераадолення эканамічнага крызісу», піша Bulletinonline.
Сход мясцовыя актывісты планавалі правесці ўвечары 9 студзеня і ў адпаведнасці з заканадаўствам напісалі заяўку ў райвыканкам.
«Аднак чыноўнікі адмовіліся прадаставіць нам памяшканне, параіўшы збірацца ў лесе на ўскраіне нашага райцэнтра - менавіта гэтае месца яны адвялі для правядзення масавых мерапрыемстваў», - кажа Леанід Аўтухоў.
Па ягоных словах, забарона на правядзенне сходу ў дзяржаўнай установе і парады арганізоўваць грамадскія абмеркаванні на марозе ў лесе - вельмі паказальна дэманструюць сапраўдныя адносіны да людзей з боку мясцовых улад.
Да таго ж, апазіцыянер звярнуў увагу на яшчэ адну дэталь, якая характарызуе прафесійныя якасці чыноўнікаў: у адмове на правядзенне сходу за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Надзеі Буруновай напісана, што сход забаронена праводзіць 9 снежня, хоць Леанід Аўтухоў прасіў аб сходзе 9 студзеня. (Мабыць, чыноўніца пераблытала беларускія назвы месяцаў снежань і студзень).
Гарадоцкі актывіст кажа, што для яго не так ужо важна, якая прычына такога неадэкватнага адказу Буруновай - памылка таго, хто друкаваў ліст або няведанне дзяржаўнай мовы чыноўніцай, што недапушчальна для службовай асобы, які займае досыць высокую і адказную пасаду.
Па меркаванні Леаніда Аўтухова, гэта ў любым выпадку сведчыць толькі аб тым, што «вертыкальшчыкі» адчуваюць сябе бяскарнымі і вельмі няўважліва ставяцца да зваротаў грамадзян. Тым часам як кіраўніцтва краіны ў інтэрв'ю заходнім СМІ вяшчае быццам бы аб росквіце дэмакратыі ў Беларусі.