У лукашэнкаўскую бібліятэку не пусцілі выставу пра рэвалюцыю ў Вугоршчыне
8- 19.10.2009, 14:39
Нацыянальная бібліятэка адмовіла амбасадзе Вугоршчыны ў прадстаўленні памяшкання для фотавыставы.
Фотавыстава «Свабода і дэмакратыя» мусіла быць прымеркавана да гадавіны пачатка рэвалюцыі 1956 і Дня абвяшчэння Вугорскай Рэспублікі ў 1989 годзе, пераде БелаПАН.
Як паведаміў амбасадар Вугоршчыны Ферэнц Контра, адмова матывавана неабходнасцю рамонта будынка бібліятэкі пасля пашкоджання гідраізаляцыі з-за моцных дажджэй.
Нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць, у Нацыянальнай бібліятэцы таксама спачатку адмовіліся даць памяшканне амбасадзе для прыёма з нагоды нацыянальнага свята Вугоршчыны. Аднак, як паведаміў дыпламат, пасля звароту ў Міністэрства культуры і МЗС дазвол быў атрыманы. Прыём пройдзе ў Нацыянальнай бібліятэцы 21 кастрычніка.
«Мы лічым вельмі важным адкрытую камунікацыю з журналістамі. Таму не стану адмаўляць факт наяўнасці некаторых цяжкасцяў у арганізацыі фотавыствы і прыёма з нагоды нацыянальнага свята, якія вырашаныя на сённяшні дзень. Я выказваю падзяку міністрам культуры і замежных спраў, якія спрыялі вырашэнню дадзенай праблемы», — заявіў дыпламат.
Намеснік дырэктара бібліятэкі па навуковай працы і сувязях з грамадскасцю Люміла Кірухіна матывавала адмову ў правядзенні фотавыставы «Свабода і дэмакратыя» тым, што галерэі ўстановы культуры заняты працамі І Менскага міжнароднага фэста лічбавага мастацтва.
Дадзеная выстава працуе ва ўсіх галерэях бібліятэкі з 8 кастрычніка па 25 лістапада. Паводле яе словаў, арганізатары творчай акцыі не чакалі такога маштабу выставы – прадстаўлена 170 прац з васьмі краін, у тым ліку чатырох краін Еўразвяза.
«Гэта не проста выстава, а фэст-конкурс. І на гэтым тыдні міжнароднае журы пачне падводзіць вынікі», — адзначыла Кірухіна.