Вярхоўны суд адхіліў іск заснавальнікаў Беларускай партыі працоўных
1- 9.10.2009, 16:22
Суд адмовіўся разглядаць іск заснавальнікаў Беларускай партыі працоўных (БПП) да Мінюста, які прыпыніў працэс рэгістрацыі арганізацыі.
«Сваю адмову Вярхоўны суд матывуе тым, што ў адпаведнасці з законам аб палітычных партыях рашэнне пра адтэрміноўку рэгістрацыі ў судзе не разглядаецца», — паведаміў БелаПАН старшыня аргкамітэта па стварэнні БПП Аляксандр Бухвостаў.
Нагадем, 8 верасня Мінюст вынес рашэнне аб адтэрміноўцы рэгістрацыі Беларускай партыі працоўных, запатрабаваўшы шэраг дадатковых дакументаў да 21 верасня. Заснавальнікі БПП палічылі патрабаванне Мінюста незаконным і адмовіліся прадстаўляць гэтыя дакументы.
Бухвостаў не выключае, што бліжэйшым часам Мінюст можа адмовіць у рэгістрацыі партыі. «На заснавальнікаў партыі аказваецца ціск. Мінюст дзейнічае сваім звычайным спосабам, з дапамогай мясцовых адміністрацый і аддзелаў унутраных спраў правяраючы абставіны правядзення ўстаноўчага з’езда. Гэтыя праверкі носяць форму псіхалагічнага ціску з патрабаваннем адмовіцца ад удзелу ў стварэнні партыі», — сказаў Бухвостаў.
Палітык паведаміў, што ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі рашэнне Мінюста будзе абскардажана ў Вярхоўным судзе.
«Мы працягваем лічыць, што паданы намі ў Мінюст пакет дакументаў дастатковы для рэгістрацыі партыі. У судзе ж мы прадставім усе неабходныя дакументы, якія пакажуць, што сходы па вылучэнні дэлегатаў на ўстаноўчы з’езд праводзіліся ў поўнай адпаведнасці з рашэннем аргкамітэта», — паведаміў Бухвостаў.