15 чэрвеня 2026, панядзелак, 11:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пракуратура адпісалася з нагоды папярэджанняў журналістам

2

Беларуская асацыяцыя журналістаў атрымала з Генеральнай пракуратуры адказ на свой зварот да кіраўніка гэтага ведамства Рыгора Васілевіча.

Зварот датычыў у першую чаргу шэрагу папярэджанняў, вынесеных журналістам за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

Сутнасць пракурорскага адказу зводзіцца да таго, што абскардзіць папярэджанні могуць толькі тыя асобы, якім яны вынесеныя. А пракурорскі нагляд за выкананнем заканадаўства аб СМІ арганізаваны ў адпаведнасці ў патрабаваннямі законаў «Аб пракуратуры РБ» і «Аб СМІ». (Ліст падпісаны начальнікам аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзянаў Паўлам Радзівонавым), паведамляе прэс-служба БАЖ.

Прапанову БАЖ арганізаваць «круглы стол» па пытаннях абмежавання свабоды СМІ з удзелам пракурорскіх работнікаў, прадстаўнікоў БАЖ і іншых зацікаўленых ведамстваў пракуратура наогул пакінула без увагі. Як і прапанову правесці растлумачэнне сярод пракурорскіх работнікаў палажэнняў новага закона «Аб СМІ» — «з мэтай спынення выпадкаў яго абмежавальнага, а часамі нават некарэктнага ўжывання».

Зварот на імя Генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча ГА «БАЖ» накіравала яшчэ 9 кастрычніка.

Журналісцкая арганізацыя выказвала заклапочанасць «абмежавальным растлумачэннем» пракурорскімі працаўнікамі заканадаўства аб СМІ.

На думку юрыстаў арганізацыі, пракурорскія работнікі звяртаюць увагу толькі на п.4 арт. 35 закона «Аб СМІ», які забараняе прафесійную дзейнасць журналістаў на карысць замежных СМІ без акрэдытацыі. У той жа час, яны не ўлічваюць п. 6 арт. 1 закона, у адпаведнасці з якім журналістамі замежных СМІ з'яўляюцца толькі асобы, звязаныя з гэтым СМІ працоўнымі адносінамі.

Нагадаем, што днямі чарговае папярэджанне ад раённай пракуратуры за працу без акрэдытацыі на «Радыё Рацыя» атрымала сябра БАЖ з г. Бяроза Тамара Шчапёткіна. Усяго ж, па падліках БАЖ, з моманту ўступлення закона «Аб СМІ» у сілу органы пракуратуры вынеслі ўжо 15 вусных і пісьмовых папярэджанняў у адрас журналістаў за парушэнне Закона «Аб сродках масавай інфармацыі» у частцы працы без акрэдытацыі на замежныя СМІ.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках