БДІПЧ АБСЕ так і не ўбачыў паправак у Выбарчым кодэксе Беларусі
5- 1.12.2009, 12:41
Беларускі бок парушыў дамоўленасць з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ.
Як паведаміл прэс-сакратар БДІПЧ АБСЕ Енс Эшэнбехер, беларускі бок не даў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ магчымасці азнаёміцца з папраўкамі ў Выбарчы кодэкс. Енс Эшэнбехер адзначыл, што гэта адбылося, нягледзячы на дасягнутую ў лютым дамоўленасць аб даванні такой магчымасці, паведамляе БелаПАН.
Такім чынам, адзначыў ён, БДІПЧ АБСЕ пакуль не можа каментаваць папраўкі, прынятыя 30 лістапада ў першым чытанні беларускім парламентам. Аднак, дадаў прэс-сакратар, бюро гатовае даць ацэнку законапраекту пры ўмове, што на гэта будзе вылучана дастаткова часу і «парламент» Беларусі прыме да ўвагі заключэнне БДІПЧ АБСЕ.
«БДІПЧ АБСЕ выступае за шырокі і падрабязны дыялог у Беларусі па рэформе выбарчага заканадаўства, у якім прынялі б удзел самыя розныя ўдзельнікі выбарчага працэсу, каб была створаная атмасфера даверу і неабходныя змены былі ўзгодненыя», — падкрэсліў Эшэнбехер.
Як паведамлялася раней, 30 лістапада «палата прадстаўнікоў» прыняла ў першым чытанні законапраект «Аб унясенні дадаткаў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў і аб прызнанні закона «Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў» тым, што страціў сілу.