Валянціна Качан: «Спадзяюся, што надвор'е нам дапаможа адолець грып»
40- 15.12.2009, 14:15
Галоўны санітарны ўрач Беларусі паведаміла, што ў Беларусь пачала паступаць вакцына супраць пандэмічнага грыпу A (H1N1), але яе на ўсіх не хопіць.
Па яе словах, ужо пачалася працэдура рэгістрацыі вакцыны ў краіне. За кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту плануецца закупіць 1 млн. доз вакцыны. Гэтай колькасці, заявіла намеснік міністра, хопіць для вакцынацыі 500 тыс. чалавек. Першым чынам, вакцына прызначана для супрацоўнікаў арганізацый аховы здароўя і жыццёва важных службаў краіны, якія ўваходзяць у групы рызыкі, сказала Валянціна Качан. Як паведамляе БелаПАН, вакцынацыя груп рызыкі супраць грыпу A (H1N1) будзе праведзена хуткім часам.
Па словах намміністра, Мінздароўя таксама раіў закупляць вакцыну за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў. Таму, магчыма, адзначыла яна, прышчэпкі ад пандэмічнага грыпу A (H1N1) змогуць атрымаць больш за 500 тыс. жыхароў Беларусі.
Качан заявіла, што сёння сітуацыя з распаўсюдам грыпу ў Беларусі ацэньваецца як «абсалютна стабільная». Захворванне на грып знаходзіцца на ўзроўні аналагічнага перыяду мінулага года, а па асобных гарадах нават ніжэй. «Я вельмі спадзяюся, што такое выдатнае надвор'е нам дапаможа адолець грып», — зрабіла выснову прадстаўнік Мінздароўя.
Як раней паведамляў сайт charter97.org, Мінздароўя ў апошні раз каля месяца таму казаў пра 179 захварэлых на свіны грып у Беларусі. Тым часам у Беларусі сёння сотні тысяч людзей хворыя на грып. Пры гэтым чыноўнікі афіцыйна заявілі, што ўжо не падлічваюць выпадкі захворвання на пандэмічны грып A/H1N1.
Намеснік галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя (РЦГІГЗ) Людміла Наройчык 18 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла, што большасць лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу звязана са змяшанай інфекцыяй. «Ніколі не бывае, каб цыркуляваў толькі адзін узбуджальнік ВРВІ», — сказала яна.
Пры гэтым, кажучы пра выпадкі захворвання на свіны грып, яна сказала, што «ў лабараторным пацверджанні ўсіх выпадкаў няма неабходнасці».
Такім чынам, колькасць захварэлых на свіны грып у Беларусі можа быць нашмат больш і вылічацца сотнямі і нават тысячамі.