26 красавiка 2024, Пятніца, 7:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мінкульт: Карціны мастака Алеся Пушкіна не ўяўляюць культурнай каштоўнасці (Фота)

10

Пасля праблемаў з вывазам карцінаў у Швецыі ўсёткі адкрылася выстава беларускага мастака Алеся Пушкіна.

Выстава працягнецца з 5 снежня гэтага года да 10 лютага 2010 года ў Музеі сучаснага мастацтва швецкага горада Кальмар. Як паведамляе БелаПАН, назва экспазіцыі – «Галерэя Пушкіна з Беларусі».

Алесь Пушкін паведаміў, што гэтай вясной куратар выставы Марцін Шыблі адабраў для гэтай экспазіцыі 17 твораў Пушкіна ў галіне жывапісу і дызайну. Сярод іх — айчынныя пейзажы, партрэт дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння Георгія Бортніка, расстралянага савецкімі спецслужбамі ў 1951 годзе і прылічанага да ліку беларускіх праваслаўных святых, а таксама творы нонканфармісцкага зместу — серыя «Рукі беларусаў» з малюнкам рук пракурора, мастака, журналіста і цяжарнай жанчыны, сцягнутых зялёна-чырвоным калючым дротам, а таксама сем розных сімвалічных шпакоўняў (у тым ліку для жыхароў аграгарадкоў, «свядомых беларусаў», жыхароў элітнага менскага катэджнага комплексу «Дразды» і інш.).

Па словах мастака, 1 снежня ён звярнуўся па дазвол на вываз твораў мастацтва па-за межы краіны да начальніка аднаго з аддзелаў Міністэрства культуры.

«На наступны дзень я атрымаў дазвол на вываз трох пейзажаў. Пасля вымотвання нерваў мне дазволілі вывезці і астатнія творы як прадметы, што не ўяўляюць культурнай каштоўнасці. Але ж ў кастрычніку цяперашняга года, калі я вывозіў гэтыя працы ў сталіцу Нарвегіі Осла, такіх праблемаў не ўзнікала», — сказаў Пушкін.

Паводле яго словаў, «з-за ўсіх гэтых пакутаў» выстава адкрылася 5 снежня — на дзень пазней за запланаваную дату. За дзесяць дзён знаходжання ў Швецыі Пушкін правёў майстар-клас у гімназіі горада Вестэрвік, у адной з мясцовых галерэяў дэманстраваў эцюды, напісаныя ў перыяд знаходжання ў Швецыі, сустрэўся з сям'ёй музыкі і перформера на востраве Эланд, дзе таксама адбылася прэзентацыя выставы працаў мастака.

Беларускі мастак Алесь Пушкін добра вядомы ў краіне і па-за яе межамі не толькі сваімі нонканфармісцкімі палотнамі, але і эпатажнымі пэрформансамі. У цяперашнім годзе мастак ужо дэманстраваў сваё мастацтва ў Беларусі, Украіне, Польшчы, Швецыі, ЗША і Галандыі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках