13 траўня 2026, Серада, 2:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Райвыканкам спужаўся, што беспрацоўны апазіцыянер прадасць нырку

11

З Аляксандрам Жыткевічам, які падаў у раённую газету абвестку пра продаж ныркі, сустрэўся старшыня Гарадоцкага райвыканкама.

Чыноўнік заявіў, што спадару Жыткевічу нават гатовыя дапамагчы з транспартам, каб дабірацца да працы. І ўжо распарадзіўся, каб беспрацоўны бясплатна прайшоў мэдычны агляд, паведамляе «Радыё Свабода».

24 снежня Аляксандар Жыткевіч накіруецца ўладкоўвацца на працу ў ПМК 51. Аднак вялікіх спадзеваў на чарговую спробу працаўладкаваньня ён не ўскладае – такіх спробаў было ўжо 15 за апошнія паўгода, але паўсюль яму адмаўлялі.

Нагадаем, што Аляксандр Жыткевіч з вёскі Бычыха накіраваў у раённую газету «Гарадоцкі веснік» абвестку пра продаж ныркі.

Гэта звязана з тым, што на працягу сямі месяцаў Аляксандр Жыткевіч не можа ўладкавацца на працу і не мае сродкаў для існавання.

У працаўладкаванні за сем месяцаў гэтага года Жыткевічу адмовілі 13 арганізацыяў і ўстановаў. Ён лічыць, што кіраўніцтва Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці вядзе супраць яго неабвешчаную вайну пасля яго ўдзелу ў выбарчай кампаніі 2008 года ў якасці назіральніка.

Гарадокскі актывіст Леанід Гаравы ўзгадвае, што 23-гадовага зубнога фельчара з вёскі Бычыха Аляксандра Жыткевіча яшчэ падчас «парламенцкіх» выбараў начальства папярэдзіла пра магчымыя негатыўных наступствы. І ў выніку маладога спецыяліста асудзілі за нібыта незаконнае атрыманне грошай ад пацыентаў. У траўні 2009 года суд пазбавіў Аляксандра Жыткевіча права займацца прафесійнай дзейнасцю на працягу двух гадоў. Знайсці іншую працу было практычна немагчыма.

У ліпені Аляксандр Жыткевіч разам з яшчэ адным беспрацоўным гарадоцкім актывістам Леанідам Аўтуховым праводзілі пяцідзённую галадоўку, каб звярнуць увагу грамадскасці і ўладаў на свае праблемы. Пасля гэтага Жыткевіча ўзялі на выпрабавальны тэрмін у Гарадоцкі лясгас, аднак атрымаць пастаянную працу так і не атрымалася – дырэктар адмовіўся прыняць яго нават рознарабочым.

Рашэнне прадаць нырку жыхар Гарадоцкага раёна прыняў таму, што іншых сродкаў для існавання проста не мае – ён сірата, выхоўваўся ў інтэрнаце, а на працу яго не бяруць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках