Мытны саюз «завіс»
13- 3.12.2009, 16:32
Беларускі кіраўнік прызнаўся, што ў 2010 годзе Адзіная эканамічная прастора так і не з'явіцца.
Пра гэта Лукашэнка заявіў 3 снежня на сустрэчы з паўнамоцным прадстаўніком прэзідэнта Расеі ў Прыволжскай федэральнай акрузе Рыгорам Рапотам.
«Мы маглі б стварыць АЭП за 2010 год, але, думаю, што не вельмі мае калегі хочуць напружвацца ў гэтым накірунку, ды і праца маецца быць вельмі вялікая. Таму лічу, што мы 18 снежня ў Алматы дамовімся, што можам стварыць АЭП цягам паўтара год», - перадае словы Лукашэнкі БелТА.
Беларускі правіцель заявіў, што, падпісваючы дамову аб стварэнні Мытнага саюза, Беларусь настойвала, каб стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы далёка не адцягвалася.
«Мы бачым, як Расея абмяжоўвае гандаль з Беларуссю – праз банкі, санітарных лекараў, яшчэ кагосьці. Рознага кшталту бюракратаў хапае. У АЭП гэтага рабіць будзе нельга», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым беларускі кіраўнік адзначыў: «Мы настойваем на тым, каб было ўніфікавана коштаўтварэнне, створаныя роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання ў рамках сённяшняга Мытнага саюза. Калі гэта будзе зроблена, то яго прывабнасць узрасце».