Сваякі просяць вызваліць Уладлену Функ з гомельскага ізалятара
1- 16.03.2009, 10:02
Маці Ўладлены Функ, сакратара амерыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра, прыбыла ў Менск з Расеі, каб паскорыць вызваленне ейнай дачкі з ізалятара часовага ўтрымання.
«Валянціна Брускова, маці маёй падабароннай, прыехала з Вялікага Ноўгарада (Расея) у Менск. Сёння раніцай мы пойдзем у расейскую амбасаду прасіць хутчэй вызваліць Уладлену з ІЧУ», - паведаміў адвакат Уладлены Функ Зміцер Гарачка.
Па ягоных словах, пасля звароту ў амбасаду РФ у Менску ён разам з маці падабароннай адправіцца ў Гомель, «каб прасіць праваахоўныя органы дазволіць Валянціне Брусковай спатканне з ейнай дачкой, якая з 12 сакавіка знаходзіцца ў ІЧС Гомеля».
Як паведаміў адвакат Уладлены Функ прэс-цэнтру Хартыі’97, расейка ўтрымліваецца ў цяжкіх умовах.
«Аб якіх умовах можна казаць, калі па законе ў ізалятары часовага ўтрымання можна трымаць чалавека толькі 10 дзён», -- сказаў Зміцер Гарачка.
У камеры, у якой утрымліваецца сакратар Эмануіла Зэльцэра, няма ложка, арыштаваная расейка вымушаная спаць на матрацы на палу.
Нагадаем, што Ўладлена Функ была вызваленая з гомельскай выпраўленчай калоніі раніцай 12 сакавіка ў сувязі з адбыццём тэрміна пакарання і адразу ж дастаўленая ў ІЧУ. Там ёй заявілі, што 13 сакавіка яна будзе высланая ў Расею. У пашпарт Функ паставілі штамп, які забараняе ўезд на тэрыторыю Беларусі на працягу бліжэйшых 10 год.
Праз некаторы час высвятлілася, што працэдура высылання зацягваецца, і жанчына можа правесці ў ІЧУ яшчэ некалькі сутак.
Функ з'яўляецца сакратаром амерыканскага юрыста Эмануіла Зэльцэра. Разам з ім яна была затрыманая ў Менску 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня Менскі гарадскі суд прызнаў яе вінаватай у выкарыстанні загадзя ілжывых дакументаў і замаху на камерцыйны шпіянаж і прысудзіў да года пазбаўлення волі.