Салдаты ўзбунтаваліся і забілі прэзідэнта
9- 2.03.2009, 12:11
Прэзідэнт Гвінеі-Бісаў 69-гадовы Жоао Бярнарду Віейра быў забіты сёння пры спробе пакінуць сваю рэзідэнцыю.
Забойцамі сталі салдаты, якія лічылі сваім лідэрам кіраўніка Генеральнага штаба краіны Тагме На Вайе, які загінуў некалькімі гадзінамі раней. Ён памёр у выніку тэракту, падарваўшыся на бомбе. Вайскоўцы абвясцілі прэзідэнта Віейру асноўным заказчыкам замаху.
«Прэзідэнт Віейра быў забіты салдатамі, калі спрабаваў пакінуць дом, які быў атакаваны групай вайскоўцаў, блізкіх да начальніка генеральнага штаба генерала Батысце Тагме На Вайе сёння раніцай», - заявіў прадстаўнік узброеных сіл краіны Замора Індута.
Ён таксама адзначыў, што прэзідэнт краіны «быў адным з людзей, адказных за смерць Тагме».
Сітуацыя ў краіне выйшла з-пад кантролю пасля некалькіх тыдняў супрацьстаяння прыхільнікаў забітага прэзідэнта і каманднага складу ўзброеных сіл краіны. Забіты раней у выніку тэракту генерал На Вайе быў адным з заўзятых крытыкаў кіраўніка дзяржавы.