Аляксандр Бухвостаў: МАЗ будзе працаваць у красавіку і траўні ўсяго па 12 дзён
14- 2.03.2009, 13:51
2 сакавіка галоўны канвеер Менскага аўтамабільнага заводу не працуе. Прафсаюзныя лідэры паведамілі прэс-цэнтру Хартыі’97, што ў найбліжэйшыя месяцы МАЗ будзе працаваць у «ірваным рытме».
Раней працаўнікам прамысловага гіганта паведамілі, што завод спыняецца на тэрмін з 1 па 8 сакавіка. Аднак сёння адміністрацыя МАЗа заяўляе, што праца галоўнага канвеера можа аднавіцца ў найбліжэйшыя дні. Пры гэтым, як відаць, само начальства пакуль што не ведае, якім будзе графік працы прадпрыемства.
«Магчыма, што ў пятніцу не будзем працаваць. А, магчыма, будзем. Пра гэта пакуль што невядома» -- заявіла «Радыё Рацыя» начальніца бюро па інфармацыйным забеспячэнні Яўгенія Бяссмертная.
Старшыня прафкама Менскай гарадской першаснай арганізацыі прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Уладзімір Лазоўскі ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 адзначыў, што на МАЗе парадку 8-12 вытворчасцяў і «нейкія з іх могуць аднаўляць сваю працу, а нейкія не».
Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97, сустаршыня прафсаюза РЭП Аляксандр Бухвостаў, 2 сакавіка галоўны канвеер МАЗа не працуе. Аднак працаўнікам прадпрыемства паведамілі, што праца галоўнага канвеера можа аднавіцца ўжо заўтра.
Па словах Аляксандра Бухвостава, сёння ніхто не можа спрагназаваць, як будзе працаваць МАЗ у найбліжэйшыя тыдні. Гэта звязана з тым, што прадукцыя заводу не рэалізуецца ў Расеі і ў сувязі з гэтым узнікаюць праблемы з забеспячэннем матэрыяламі. Але на думку сустаршыні прафсаюза РЭП, завод будзе працаваць у «ірваным рытме».
«Сёння галоўны канвеер можа працаваць, а заўтра – ужо не. Мы зрабілі свой прагноз, як будзе працаваць МАЗ у найбліжэйшыя тры месяцы. У сакавіку на прадпрыемстве будзе 14 працоўных дзён. А ў красавіку і траўні – 12».
Нагадаем, як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, з пачатку лютага МАЗ перайшоў на трохдзённы працоўны тыдзень. Прадпрыемства скарачае зарплаты, прадукцыя прастойвае. У канцы лютага МАЗ перастаў быць унітарным прадпрыемствам і стаў акцыянерным таварыствам. Незалежныя эксперты лічаць, што патэнцыйным пакупніком беларускага заводу можа стаць Расея.