Лошыцу пачалі «бамбіць» (Фота)
11- 2.03.2009, 16:01
На старажытнай шляхецкай сядзібе Прушынскіх–Любанскіх ў менскай Лошыцы пачаліся актыўныя будаўнічыя працы. У хуткім часе ў помніку беларускай гісторыі будзе працаваць кавярня.
Ужо сёння з будынка абадраная тынкоўка, ліштвы, унутры здымаюцца драўляныя панэлі з сьценаў, рыхтуюцца да разборкі печы й каміны.
Паводле задумаў рэстаўратараў, усю драўляную частку будынку разьбяруць, каб адбудаваць нанова. А яна складае каля 70%. Гэта значыць, што ўжо ў хуткім часе менчукі прыйдуць у Лошыцу й замест сядзібы ў лепшым выпадку пабачыць толькі ейны падмурак, перадае «Польскае радыё».
Пра пляны ўладаў «аднаўленьня» Лошыцы стала вядома мінулым летам. У ліпені ды жніўні ў парку прайшло некалькі акцыяў ды мастацкіх пленэраў. Але паколькі ніякіх актыўных будаўнічых прац на той момант не было, пра Лошыцу ўсе паціху забыліся. І вось цяпер, калі яшчэ не сышоў сьнег, Лошыцу пачалі бамбіць.
Будаўнікі неахвотна, але ўсё ж дазваляюць журналістам прайсьці ў пакоі сядзібы – кіраўніцтва дало загад не пускаюць нікога. Карціну даводзіцца пабачыць невясёлую: з усіх сьценаў паабдзіраныя панэлі, старадаўнія каміны дажываюць свае апошнія дні. Драўлянай лесьвіцы, якая й цяпер выглядае велічна, таксама засталося няшмат. У вітальным пакоі будаўнікі на замову рэстаўратараў выразалі кавалак дубовага паркету й падлогі.
На зрэзе добра відаць, што дошкі зусім не пагнілі, а нават засталіся смалістыя. Але ж можна не сумнявацца: пасьля скажуць, што ўсё было спарахнелае й не магло быць адноўлена… Калі плян рэстаўратараў зьдзейсьніцца й драўляная частка сядзібы будзе разабраная, дык і дошкі, і паркет, і дзьверы, і нават невядомыя росьпісы на сьценах зьнікнуць у небыцьцё.
Будаўнікі неахвотна распавядаюць, чым яны цяпер займаюцца на сядзібе. Па іх словах, на месцы сядзібы будзе «нібыта кавярня ў скляпеньнях і памяшканьні Нацыянальнага мастацкага музэю». Яны прызнаюцца, што паводле пляна адбудовы сьцены сядзібы будуць нават не драўляныя, а зь нейкага сучаснага матэрыялу на аснове пэнаплясту.
Фота Арцёма Багданава










