У Берасці забаранілі мітынг камуністаў 1 Траўня
7- 29.04.2009, 9:47
Берасцейскі гарвыканкам адмовіў у правядзенні першамайскай дэманстрацыі гарадскім арганізацыям Партыі камуністаў Беларускай і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Пра гэта «Беларускаму партызану» паведаміла першы сакратар Берасцейскага гаркама ПКБ Людміла Дзенісенка.
Берасцейскія арганізацыі ПКБ і БСДП (Грамада) падалі 14 красавіка ў гарвыканкам заяву аб правядзенні ў Берасці дэманстрацыі ў гонар Дня міжнароднай салідарнасці працаўнікоў у барацьбе за свае правы - 1 Траўня, які з'яўляецца дзяржаўным святам Рэспублікі Беларусь. У заяве арганізатары абавязаліся падчас руху дэманстрацыі не набліжацца на адлегласць менш за 50 метраў да тых арганізацыяў і ўстановаў, якія абумоўленыя ў артыкуле 9 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб масавых мерапрыемствах».
Кіраўнікі гарадскіх структураў ПКБ Людміла Дзенісенка і БСДП (Грамада) Ганна Канюс у дзень падачы заяўкі сустрэліся з загадчыцай ідэалагічным аддзелам гарвыканкама А.Старыкевіч. Арганізатары Першамая прапанавалі ідэолагу ў выпадку ўзнікнення перашкодаў для правядзення дэманстрацыі па заяўленым маршруце змяніць маршрут, узгадніўшы яго з гарвыканкамам. Аднак Берасцейскі гарвыканкам не стаў турбаваць сябе гэтай праблемай і прывёў традыцыйныя прычыны адмовы: па шляху дэманстрацыі размяшчаюцца адміністрацыйныя будынкі; рух заяўленай колькасці ўдзельнікаў дэманстрацыі (150 чалавек) па тратуарах і пешаходных пераходах можа прывесці да парушэння руху транспарта, у тым ліку і гарадскога пасажырскага, без узгаднення з ДАІ УУС Берасцейскага гарвыканкама.